Аперацыя «Эвакуацыя», ініцыятарамі якой з’яўляецца абласное ўпраўленне МНС, прайшла 7 верасня ў многіх установах Гродзеншчыны. Планавыя вучэнні праходзяць традыцыйна ў пачатку восенi ўжо шосты год запар. Як прайшла «Эвакуацыя» ў Гродзенскім каледжы прыборабудавання, даведаўся Hrodna.life.
Згодна з легендай, у навучальнай установе, дзе вучыцца каля 500 чалавек, на трэцім паверсе падчас заняткаў пачалося задымленне. Паводле тэхнікі бяспекі, выкладчыкі павінны забяспечыць эвакуацыю ўсіх навучэнцаў і пакінуць установу, а потым чакаць на вуліцы ратавальнікаў.
Усё ў каледжы прайшло згодна з патрабаваннямі: выкладчыкі своечасова эвакуіравалі навучэнцаў і сустрэлі ратавальнікаў. З будынка таксама з дапамогай супрацоўнікаў МНС эвакуіравалі трох челавек: двух вынеслі па параднай лесвіцы, а аднаго з дапамогай аўталесвіцы.
У вучэбнай акцыі прынялі ўдзел і прадстаўнікі Чырвонага крыжа, якія аказалі «пацярпелым» першую даўрачэбную дапамогу і распавялі навучэнцам як гэта рабіць.
Начальнік Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС Сяргей Шпарло распавёў пра сэнс падобных вучэнняў.
«Мы ўжо ў шосты раз праводзім гэтую акцыю ў вобласці. За апошнія 5 гадоў на аб’ектах адукацыі адбылося 8 пажараў, у тым ліку адзін у гэтым годзе — у дапаможнвй школе № 1 на вуліцы Лермантава. Станоўчы прыклад гэтага выпадку ў тым, што да прыбыцця ратавальнікаў персанал школы эвакуіраваў 93 челавекі, з іх 65 дзяцей. Таму пытанне тэхнікі бяспекі пры экстранных сітуацыях актуальна і мы будзем працягваць гэтую працу. Тым больш дзеці цяпер пасля летніх вакацый павінны ўспомніць, як дзейнічаць у экстрэмальных умовах».