Гісторыя з закапаным на Валковіча бронетранспарцёрам пацвердзілася. У сераду 6 верасня рабочая тэхніка выкапала некаторыя часткі ваеннай тэхнікі. Як мяркуецца, гэта часткі нямецкага БТРа часоў Другой Сусветнай вайны.
У канцы лiпеня на вуліцы Валковіча пачаўся дэмантаж старых пабудоў для будучага будаўніцтва двух дамоў для шматдзетных сем’яў. Паводле ўспамінаў былога ўладальніка дома № 17 Аляксандра Свідэрскага, а таксама іншых жыхароў вуліцы, у двары, дзе цяпер працуе тэхніка, закапаны нямецкі БТР часоў Другой сусветнай вайны. Будаўнікі пра легенду ведалi, але капаць не спяшалiся.
Толькi пасля перамоваў былога ўладальніка дома і журналістаў з рабочымі, было вырашана праверыць меркаванае месца.У сераду, 6 верасня, рабочыя ў канцы працоўнага дня вырашылі капнуць у тым месцы, дзе паказваў Аляксандр. На глыбіні 1,5 метра паказалicя першыя знаходкі: тракi і колы ад ваеннай тэхнікі.
Экскаватаршчык быў вельмі здзіўлены і адразу сказаў, што гэта рэшткі нямецкай ваеннай тэхнікі.
«Дакладна не савецкая. Ніхто з рабочых не верыў, што ў зямлі можа быць нешта, але мы вырашылі праверыць. Раз капнуў - і рэальна натыкнуліся на жалеза. Вядома, не цэлы БТР, але відаць, што часткі ад ваеннай тэхнікі часоў Другой сусветнай вайны».Акрамя частак тэхнікі працоўныя знайшлі дзве каскі - нямецкую і савецкую, некалькі рондляў i старыя бутэлькi.
Былы ўладальнік дома рады знаходкам і таму, што словы дзеда пацвердзіліся.
«Мне мала хто верыў, многія думалі, што з тэхнікай выдуманая гісторыя. Цяпер на душы стала лягчэй. Калі рабочыя больш капнуць, то, думаю, знойдуць і астатнія часткі. Магчыма, дзесьцi і частка кузава будзе», — распавёў Аляксандр.
Што будзе са знаходкамі - пакуль невядома. Ужо з’явіліся спецыялісты з Мінска, якія гатовыя забраць іх сабе і далей даследаваць тэрыторыю. Асобныя часткі старой ваеннай тэхнікі не прадстаўляюць вялікай каштоўнасці для гісторыі.