У 78-ю гадавіну пачатку Другой сусветнай вайны ў гродзенскай сінагозе ўрачыста адкрылі выставу «Яўрэі ў польскай арміі». Арганізатарамі выставы ў Гродне выступілi Консульства Польшчы, прадстаўнікі мясцовай яўрэйскай абшчыны, прадстаўніцтва Асацыяцыі «Шомэр-Інтэрнэшнл» яўрэя-хрысціянскага дыялогу ў Беларусі і Моладзёвы праект «Кіслеў».

Выстава распавядае не толькі пра перыяд Другой сусветнай вайны, але таксама закранае і больш раннія падзеі, у якіх свой уклад мелі прадстаўнікі яўрэйскага насельніцтва Польшчы.

«Сёння ў Беларусі адзначаецца светлае свята — Дзень ведаў, але яшчэ ў гэты дзень успамінаюць пачатак страшных падзей Другой сусветнай вайны, — распавядае Генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк. — Менавіта 1 верасня 1939 года нямецкія войскі пачалі бамбіць польскія гарады, а пасля пачаліся самыя сапраўдныя жахі - Халакост і многае іншае. Менавіта да гэтай сумнай даты мы падрыхтавалі сваю ўнікальную выставу, дзе расказваем пра ўклад яўрэйскага насельніцтва ў польскае войска. Галоўнае зараз — памятаць гэтую дату і не паўтараць таго, што адбылося падчас Другой сусветнай вайны».

Выстава заклікана ламаць стэрэатыпы і адкрыта для ўсіх, хто зацікаўлены пазнаёміцца не толькі з вобразам яўрэя-гандляра ці ахвяры Халакосту, але і яўрэя-героя ў ваеннай форме.

Выстава будзе даступная ў сінагозе да 25 верасня, а пасля будзе прадстаўлена таксама і ў іншых гарадах Беларусі.