Ужо некалькіх гадоў раз на тыдзень супрацоўнікі Рэмбудаўтадора прыязджаюць у цэнтр горада і чысцяць рэчышча Гараднічанкі. Рабочыя ідуць па рацэ ад Святапакроўскага сабора на Ажэшкі і сканчаюць вуліцай Працоўнай. Як праходзіць чыстка гарадской рэчкі, даведваўся карэспандэнт Hrodna.life.

Пік сезону ў працоўных прыпадае на сярэдзіну лета, калі пачынаюць касіць траву, а таксама на познюю восень, калі ўсё апалае лісце аказваецца ў рэчцы. Шмат смецця ў рацэ застаецца і пасля залеваў. Рабочыя кажуць, што пры чыстцы Гараднічанкі нічога цікавага не знаходзяць.

«А што тут можа быць цікавае? Шмат смецця і толькі. Іншым разам гараджане проста возьмуць і кінуць пакет са смеццем у рэчку, а мы потым прыбіраем, — распавядае адзін з рабочых. — Натуральна, бутэлек шмат, шкляных і пластыкавых».

Сёння ёсць «незвычайныя» знаходкі: жаночая сумачка з пяском і мёртвая ўздутая качка. Рабочыя кажуць, што праца не самая чыстая: не кожны захоча выцягваць бруд з ракі, але камусьці гэта рабіць трэба. «Усе мужыкі ў нас дасведчаныя і даўно ў справе».

Ад мёртвых качак да бутэлек з гарэлкай: што знаходзяць у Гараднічанцы ў цэнтры Гродна
Рабочы дастае з рэчкі частку дрэва, якая разам са смеццем сабралася ля ўваходу ў калектар
Рабочыя распавядаюць, што некалькі гадоў таму камусьцi з брыгады траплялася ў цэнтры горада і цэлая бутэлька гарэлкі, нерабочы мабільны тэлефон і розны абутак.

Усё смецце, якое плыве па рацэ ад Ажэшкі да канца парку Жылібера, часта затрымліваецца перад калектарам, які вядзе пад плошчу Ленiна. Там некалькі разоў рабочым даводзілася ратаваць і маленькіх качанят.

«У рэчцы, якая ідзе пад плошчай, жывуць вадзяныя пацукі. Калі качкі туды трапляюць, то грузуны адразу дзейнічаюць. Так што туды лепш не трапляць», — дадаў рабочы.

Акрамя рабочых, пасля дажджоў каля Гараднічанкі можна сустрэць і звычайных гараджан, якія час ад часу ходзяць уздоўж ракі і шукаюць старыя рэчы. Яны знаходзяць старыя манеты, кераміку і іншыя цікавосткi.