Вечарынка-развітанне з Андрэем Антановічам, стваральнікам “Кубы” і “Просто кофе”, прайшла ў бары 25 жніўня. Hrodna.life распытаў новых уладальнікаў установы пра далейшы лёс бара і меркаваныя змены ў ім.
“Куба – яна вельмі душэйная. Многія з тых, што сюды прыходзяць, даўно ведаюць адзін аднаго і адчуваюць сябе тут як дома. Толькі дома сабраць столькі сяброў не атрымаецца”, – распавядае адзін з новых гаспадароў установы. Мяняць нешта кардынальна ў Кубе не збіраюцца.

Са словаў хлопцаў, жадання зрабіць з “Кубы” новае “незразумела што” няма. Навінкі, якія зараз абмяркоўваюцца і рыхтуюцца на бліжэйшы час, будуць тычыцца больш формы абслугоўвання.
“Плануем увесці happy hours – пэўны час у буднія дні, калі можна будзе зрабіць замову са зніжкай, ці праводзіць “тыдні аднаго кактэйля”. У такі час таксама будуць рабіць зніжкі і “адукоўваць” кліентаў”, – кажуць у “Кубе”.

Напрыклад, пісаць на бірдэкелях – падстаўках пад шклянку – назву і склад напоя.
“Многія не разумеюць, што п’юць і якія бываюць кактэйлі. Бывае, робяць замову кшталту “хачу штосьці салодзенькае”, а наступным разам нават не ўспомняць, што гэта было”. Таксама ў планах праводзіць вечарынкі з жывой музыкай.

“Андрэй [Антановіч – рэд.] – чалавек унікальны і месца ён стварыў унікальнае, са сваёй непаўторнай атмасферай. Іншая справа, што падтрымліваецца гэта атмасфера не адным чалавекам. Яе стварае і праца бармэнаў, і тыя людзі, што сюды прыходзяць.
Як мы дайшлі да такой пакупкі, як Андрэй нас знайшоў? Проста мы вельмі даўно знаёмыя. Так што “Куба” перайшла ў добрыя рукі, не абы-каму аддалі. Мы былі тут самымі сапраўднымі пастаяннымі кліентамі. Усё бачылі і ўсё ведаем. Пастараемся, каб настрою не паменшала”.

Верагодна, новых уладальнікаў можна будзе пабачыць і за стойкай бара. Але яшчэ не зараз.
“Стаць добрым бармэнам – справа не аднаго дня. Навучанне можа заняць нават некалькі месяцаў, а выпасці з працоўнага рытму на такі час зараз нельга сабе дазволіць. З іншага боку – хацелася б больш разумець пра стварэнне кактэйляў, каб лепш кіраваць бізнесам”.



