Чарговыя пяць інфармацыйных табліц, з дапамогай якіх можна пазнаёміцца з гісторыяй гродзенскіх вуліц i славутасцяў, усталявалі ў Гродне ў чацвер 24 жніўня. Яшчэ пяць з’явяцца да канца года.
Нагадаем, першыя інфармацыйныя табліцы з’явіліся ў Гродне 1 сакавіка 2017 года. Тады супрацоўнікі Гарсвятла ўсталявалі іх на плошчы Савецкай, ля ўваходу ў Стары і Новы замкі, ля пажарнай каланчы і на вуліцы Замкавай.
Новыя пяць шыльдаў з’явіліся на вуліцы Савецкай (каля помніка Сакалоўскаму і насупраць загса), ля гарвыканкаму, архіва і тэатра лялек.
Табліцы дапамагаюць гараджанам і турыстам без дапамогі экскурсаводаў даведацца больш аб гісторыі горада. На табліцах размешчаны старыя фатаграфіі гродзенскіх славутасцяў, а таксама кароткае апісанне на трох мовах: беларускай, рускай і англійскай.
Да канца года ў Гродне плануецца ўстаноўка яшчэ пяці падобных табліц у раёне вуліцы Ажэшкі, чыгуначнага вакзала і вуліцы Дарвіна.