Больш за месяц доўжылася падрыхтоўка да фінальнага шоў «Міні Міс і Містар Гродна», у якім удзельнічала 10 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. Конкурс, арганізаваны мадэльнай школай «Fashion kids», праходзіў упершыню. Фінальнае шоў адбылося 20 жніўня ў рэстаране «Туран».

Для дзяцей была падрыхтавана сур’ёзная праграма — усё амаль як у дарослых конкурсах. Трэба было і прыгожа прайсціся па імправізаваным подыуме, і самыя розныя свае якасці праявіць. Гэтак, у творчым конкурсе дзеці спявалі, танцавалі, разыгрывалі сцэнкі, чыталі вершы і гралі на музычных інструментах. А ў апошнім выхадзе на сцэну дзецям трэба было дэманстраваць вечаровыя строі.

«Такое мерапрыемства вельмі важнае для нашага горада і мае вялікую будучыню. Для дзяцей гэта можа стаць добрым штуршком для далейшай дзейнасці ў сферы фэшн-індустрыі, развіцця сваіх талентаў і проста дадасць упэўненасці ў сабе, — распавядае галоўны рэжысёр мерапрыемства Андрэй Чэпялюк. - Думаю, любая дзяўчынка ў дзяцінстве, калі глядзіць конкурсы прыгажосці, уяўляе сябе на месцы ўсіх гэтых „Міс“. І цяпер у Гродне ў дзяцей ёсць такая магчымасць. Мне здаецца і для хлопчыкаў, таксама быў нядрэнны вопыт».

Дарэчы, падарункі ад спонсараў атрымалі ўсе маленькія ўдзельнікі. Падарункі былі розныя: ювелірныя ўпрыгожванні, паездкі ў парк забаў ад турфірмы, сертыфікаты, прысмакі, сімвалічныя дыядэмы для дзяўчынак і шкляныя шары з гравіроўкай для хлопчыкаў.

«Міні Міс» Гродна стала 10-гадовая Ліна Руселевіч, а «Міні Містарам» — 12-гадовы Павел Гаўрылаў.

Плануецца, што конкурс «Міні Міс і Містар Гродна» стане штогадовым.