Прыблізна ў 23.20 у пятніцу 18 жніўня на вуліцы Савецкіх пагранічнікаў легкавая машына ўрэзалася ў калону самаходных артылерыйскіх установак, якая накіроўвалася ў горад з боку Ласосна. Паводле папярэдняй версіі ў ДТЗ вінаваты кіроўца аўтамабіля, які праігнараваў ваенных рэгуліроўшчыкаў.
Як паведамляюць сведкі, у момант сутыкнення аўтамабіль моцна пацярпеў і па ўсёй верагоднасці аднаўленню не падлягае. Сам жа кіроўца і пасажыры аўтамабіля не пацярпелі. Але да трагедыі заставалася зусім няшмат.
“Вінаваты цывільны. Па словах ДАІ, кіроўца легкавушкі праігнараваў ваенных рэгуліроўшчыкаў і не заўважыў чырвоныя і сінія спецсігналы транспарту суправаджэння, а калі коратка – захацеў праскочыць паміж гусенічнай тэхнікай у калоне. Спяшаўся напэўна”, – распавёў Hrodna.life адзін са сведкаў аварыі.
Атрымаць каментар у ДАІ з нагоды ДТЗ пакуль не атрымалася.




