Праз год, у ліпені 2018 года, споўніцца 75 гадоў з часу, як фашысты ажыццявілі на Гродзеншчыне самыя жорсткія карныя аперацыі па «пацыфікацыі» мясцовых вёсак. Толькі за месяц у Гродзенскай і Ліпічанскай пушчах разам з насельніцтвам было знішчана некалькі дзясяткаў вёсак. Але не ўсе месцы сёння лёгка знайсці. Гродзенскія гісторыкі хочуць гэта выправіць.

Людзей сотнямі расстрэльвалі каля спецыяльна падрыхтаваных калектыўных магіл, жывымі спальвалі ў адрынах, вывозілі ў Гродзенскую турму, а пасля растрэльвалі на форце № 2 Гродзенскай крэпасці. Сёння на месцы большасці знішчаных вёсак збудаваныя мемарыялы, якімі займаюцца мясцовыя ўлады і школьнікі.

Да многіх помнікаў дабрацца можна толькі пешшу

Самы цікавы мемарыял узведзены на месцы вёскі Шаўлічы ў Ваўкавыскім раёне. Аднак указальнікі да гэтых помнікаў ёсць не паўсюль і каб дабрацца да іх, трэба патраціць нямала часу. Некаторыя вёскі, напрыклад Сіні Камень, Дземша, Востраў у ваколіцах Скідзеля, знаходзіліся глыбока ў лесе і цяпер дабрацца да помнікаў можна толькі пешшу або роварам. Таксама толькі мясцовыя жыхары ведаюць, дзе былі канкрэтныя месцы растрэлаў, у якіх месцах стаяць памятныя крыжы, пастаўленыя ацалелымі аднавяскоўцамі ў першыя гады пасля вайны.

Гродзенскія гісторыкі хочуць стварыць анлайн-карту спаленых фашыстамі вёсак
У Зіняках на Шчучыншчыне людзі ставілі крыжы на месцы адрынаў, дзе фашысты спалілі людзей жыўцом.

Гродзенскія гісторыкі хочуць стварыць анлайн-карту спаленых фашыстамі вёсак
Такія помнікі проста перад роднай хатай ставілі сваім блізкім, што не вярнуліся з вайны.

Дапоўніць карту можа кожны

Гродзенскія гісторыкі Андрэй Вашкевіч і Дзмітрый Люцік узяліся падрыхтаваць анлайн-карту знішчаных фашыстамі вёсак Гродзеншчыны, паказаўшы на ёй маршруты даезду да помнікаў і іншых памятных месцаў. У пачатку жніўня яны аб’ехалі мемарыялы Гродзенскага, Шчучынскага, Ваўкавыскага і часткова Мастоўскага раёна, зафіксаваўшы іх дакладнае месцазнаходжанне. Гісторыкі таксама збіраюцца папрацаваць з дакументамі і апублікаванымі крыніцамі, каб дапоўніць карты фотаздымкамі загінуўшых жыхароў і гісторыямі знішчаных вёсак.

Да вясны наступнага года Андрэй Вашкевіч і Дзмітрый Люцік хочуць зрабіць карту, якая ахоплівала бы заходнюю частку Гродзеншчыны і працягваць працу далей. Яны просяць адгукнуцца і дапамагчы звесткамі і гісторыямі сваякоў тых, хто загінуў у той страшны час.

Гродзенскія гісторыкі хочуць стварыць анлайн-карту спаленых фашыстамі вёсак
Помнік жыхарам пушчанскай вёскі Шкленск. Ужо ў час незалежнай Беларусі на абеліску быў пастаўлены крыж.
Гісторыкі хочуць, каб з іхняй ініцыятывы вырас падобны праект у межах усёй Беларусі, які б было здорава скончыць у 2019 або 2020 гадах. Трэба, каб гэтыя мемарыялы наведвала як мага больш людзей, як школьнікаў, так і дарослых, лічаць гродзенцы.
Гродзенскія гісторыкі хочуць стварыць анлайн-карту спаленых фашыстамі вёсак
Помнік у вёсцы Бабіна каля Азёраў, які паставілі мясцовыя жыхары яшчэ ў 1950-х гг.