Бразільскі футбаліст Жазэ Паўла Безера Масіэл Жуніёр (Паўліньё), які перайшоў з кітайскага клуба «Гуанчжоў Эвергранд» у іспанскую «Барселону» за 40 мільёнаў еўра, у 2007 годзе не быў на праглядзе ў гродзенскім «Нёмане», як паведамілі беларускія спартыўныя СМІ. Пра гэта заявіў БелаПАН галоўны трэнер маладзёжнай зборнай Беларусі Людас Румбуціс, які кіраваў у тым сезоне гродзенскай камандай.
«Лухту напісалі, брэд сівой кабылы, — сказаў Румбуціс. — І пры мне, і пасля мяне Паўліньё не было. Хтосьці з футбалістаў пусціў качку, і ўсе падхапілі. Я выдатна памятаю ўсіх бразільцаў, якія былі тады ў «Нёмане». Як толькі з’явілася гэтая «інфармацыя», я патэлефанаваў свайму памочніку Алегу Радушка, і мы адзін аднаму сказалі: «У нас што, амнезія?»
Па словах Румбуціса, ён бачыў Паўліньё ў 2006 годзе на матчы яго тагачаснага клуба «Вільнюс» супраць «Жальгірыса» ў чэмпіянаце Літвы. «Яму было 18 гадоў, гуляў на пазіцыі апорнага паўабаронцы. Я яшчэ здзівіўся, чаму ён не ў «Жальгірысе», — адзначыў трэнер.
Паўліньё гуляў за «Вільнюс» у сезоне-2006/2007. Затым у клуба паўсталі фінансавыя праблемы, і бразілец перайшоў у польскі «Лодзь», а потым на пяць гадоў з’ехаў гуляць на радзіму. У 2013 годзе ён падпісаў кантракт з англійскім «Тотэнхэмам», у 2015-м — з «Гуанчжоў». 14 жніўня гэтага года адбыўся трансфер гульца ў «Барселону». З 2011 года Паўліна прыцягваецца ў зборную Бразіліі.
Аб праглядзе Паўліньё ў «Нёмане» распавёў у 2014 годзе абаронца клуба Дзмітрый Раўнейка.