Гэта было ў 2007 годзе. У Гродзенскі «Нёман» на прагляд прыехаў бразільскі паўабаронца літоўскага «Вільнюса». Хлопец не ўразіў галоўнага трэнера беларускай каманды і з’ехаў. Калі праз некалькі гадоў гулец трапіў у зборную Бразіліі і перайшоў у англійскі «Тотэнхэм», у Гродна моцна здзівіліся. Сёння ж ён адправіўся ў «Барселону». Каталонцы, паведамляе іх афіцыйны сайт, выдаткавалі на трансфер бразільца 40 млн еўра, піша Onliner.by.

Хлопца зваць Жазэ Паўло Безэра Масіэл Жуніёр, ці проста Паўлініё. Сёння «Барселона» пацвердзіла яго трансфер з кітайскага клуба «Гуанчжоў Эвергранд».

Сума ўгоды складзе 40 млн еўра. Адступныя ў кантракце 29-гадовага бразільскага хаўбека з каталонцамі - 120 млн.

Тры гады таму ў інтэрв'ю «Прессболу» культавы гулец гродзенскага «Нёмана» Дзмітрый Раўнейка распавёў наступную гісторыю:

— Мой «Нёман» некалькі гадоў таму мог падпісаць кантракт з адным гульцом з літоўскага «Вільнюса». Ён правёў з намі некалькі заняткаў, трэнеры прыглядаліся да легіянера, але ад гэтай задумкі адмовіліся. А потым транзітам праз польскую «Лодзь» і чацвёрты дывізіён штата Сан-Паўлу той прарваўся да вышынь і мінулым летам заключыў пагадненне з «Тотэнхэмам». Сёння Паўліньё — асноўны гулец зборнай Бразіліі.

Паўліньё выбіўся ў людзі праз чацвёрты дывізіён Бразіліі. У яго паслужным спісе былі «Браганціно» і «Карынціянс», пасля якога не адбыўшыся гулец «Нёмана» атрымаў запрашэнне ад англійскага «Тотэнхема». У Лондане атрымалася не вельмі, і гулец на тры гады з’ехаў у Кітай, з якога ў Еўропу яго вярнула «Барселона».