Фармат адпачынку “віктарына ў бары”, які прыйшоў у Гродна некалькі гадоў таму, і дагэтуль застаецца вельмі прывабным сярод гродзенцаў усіх узростаў. Жнівень 2017 года стане стартам новага праекту – Hedgehog Games. Карэспандэнт hrodna.life паразмаўляў з адным з аўтараў Hedgehog Games – Аляксандрам.
Ідэя праекту Hedgehog узнікла ў групы гродзенцаў вельмі спантанна. Аднойчы калектыў аўтараў (а гэта тры чалавекі) прыйшоў да высновы, што гораду не хапае нішавых, тэматычных квізаў.
“Менавіта тады мы прынялі прынцыповае рашэнне зрабіць нешта новае ў горадзе: серыю квізаў, якія б канцэптуальна адрозніваліся ад тых, якія ўжо зараз ёсць у Гродне, – кажа Аляксандр. – Тэматычнасць нашых квiзаў будзе заключацца ў тым, што яны распланаваны па розных інтарэсах гульцоў: спорт, мастацтва, навука і гэтак далей. Ёсць ідэі і наконт пікантнага квізу “для дарослых”.
Мы імкнёмся да таго, каб чалавек, які прыйшоў на наш праект, перш за ўсё, атрымаў асалоду ад удзелу. Дзеля гэтага мы першачарговую ўвагу ўдзяляем якасці і фармуліроўцы пытанняў, а таксама антуражу гульні”.
Лагатыпам новага практу з’яўляецца вожык, якi сімвалізуе прагу да новых ведаў.
“Мы імкнуліся знайсці просты і канкрэтны сімвал, які будзе зразумелы кожнаму ўдзельніку праекта і гасцям нашай старонкі. Згадзіцеся, вожык знаёмы амаль усім людзям з дзяцінства. Аднак наш вожык мае вельмі сур’ёзны выгляд. Па нашай задумцы, вожык сімвалізуе прагу да новых ведаў, да новай інфармацыі. Наш праект зможа даць такую магчымасць кожнаму жадаючаму. Наш вожык трымае ў сваіх лапках яблык. Як мы ведаем, яблык адыграў важную ролю ў развіцці навукі: менавіта ён дапамог адкрыць закон сусветнага прыцягнення. Вось і мы шчыра жадаем удзельнікам нашага праекту пры адказах на нашыя пятанні заўсёды трапляць у яблычак”.
Першы квіз праекту Hedgehog Games пройдзе ў Гродне 20 жніўня ў бары “Чэмпі”, што па вуліцы Антонава, 29. Гэтая гульня будзе цалкам прысвечана спорту і ўсяму, што з ім звязана.
Актуальную і карысную інфармацыю пра гульнi можна знайсці на афiцыйнай старонцы Hedgehog Games.