Гродзенскаму выдавецтву «ЮрСаПрынт» спатрэбіўся толькі тыдзень каб выпусціць кнігу гісторыка Іллі Мараша «Старонкі гісторыі Гродзенскай яўрэйскай абшчыны». Пра тое, як выдавалі кнігу і за кошт чаго гэта атрымалася зрабіць так хутка, распавёў Hrodna.life дырэктар выдавецтва Аляксандр Рыжы.

Новая кніга — гэта ўнікальны зборнік успамінаў і архіўных дадзеных пра яўрэяў Гродзеншчыны, сабраных сям’ёй Мараш на працягу доўгіх гадоў. Вялікая частка выдання прысвечана мясцовым яўрэям у Другой сусветнай вайне, менавіта ў гэты час Гарадзенская абшчына была знішчана.

«Працаваць з дадзенай кнігай было вельмі цікава, бо адкрывалі для сябе шмат новай інфармацыі, — распавядае Аляксандр Рыжы. — Яўрэйская гісторыя Гродна — гэта забытая гісторыя і пра гэта трэба пісаць і распавядаць. У цэлым проста надрукаваць кнігу не складана, а вось падрыхтаваць яе да гэтай справы куды больш складана. Дзякуючы згуртаванай працы маёй каманды, а менавіта Марыне Шапялевіч, якая займалася рэдагаваннем, атрымалася выпусціць кнігу за такі кароткі тэрмін. Варта адзначыць, што аператыўна дапамаглі нам са здымкамі Фелікс Варашыльскі і Аляксандр Семянчук».

Кнігу пра яўрэяў Гродзеншчыны, інфармацыю для якой збіралі дзесяцігоддзямі, выдалі ўсяго за тыдзень
Адна са старонак кнігі Іллі Мараша «Старонкі гісторыі Гродзенскай яўрэйскай абшчыны»

Па словах Аляксандра Рыжага, у кнізе аўтар паказвае, не тое, да чаго прывыклі многія, а зусім іншы погляд на гісторыю Халакоста і знішчэнне яўрэяў у Гродне. Ілля Мараш паспрабаваў паказаць і даказаць усё з дапамогай архіўных дадзеных і ўспамінаў людзей. Таксама ў кнізе аўтар падымае пытанне, чаму вялікая мясцовая абшчына не падняла паўстанне ў гета, а проста дала магчымасць сябе знішчыць. Таксама Ілля Мараш упершыню падняў пытанне аб маёмасці гродзенскіх яўбрэяў, а менавіта што з ім стала ў перыяд вайны. Шмат увагі ў выданні нададзена як падпольнай, так і партызанскай дзейнасці яўрэяў на Гродзеншчыне.

Кнігу Іллі Мараша можна набыць у «ЮрСаПрынт» у Аляксандра Рыжага, а неўзабаве выданне з’явіцца ў кнігарнях горада.
Кнігу пра яўрэяў Гродзеншчыны, інфармацыю для якой збіралі дзесяцігоддзямі, выдалі ўсяго за тыдзень