Ганна Шафінска разам з бацькамі і сябрамі адпачывала каля Беластока. У адзін момант сям’я вырашыла скарыстацца бязвізавым уездам у Беларусь і наведаць Гродна. Шафiнскiя родам са Шчэціна, а ў Беларусь прыехалі ўпершыню і былі здзіўлены тым, як іх сустрэлі гродзенцы.

Сям’я з Польшчы прыехала ў Гродна толькі на некалькі гадзін, за гэты час ім удалося паглядзець Фарны касцёл са старой аптэкай, наведаць Дом-музей Элізы Ажэшкі, а таксама іншыя славутасці горада.

«Мы з бацькамі шмат падарожнічаем, але ў Беларусі ўпершыню і нам вельмі спадабалася, — распавядае Ганна. — Гродна сам па сабе прыгожы і чысты горад. Па прыездзе ў мяне была мэта ўбачыць замкі, гістарычныя месцы і многае іншае. Убачанае спадабалася. Таксама было вельмі нечакана і прыемна даведацца, што я стала юбілейным турыстам у Гродне. Вядома, здзівіла столькі ўвагі «.

Трыццацітысячным бязвізавым турыстам у Гродне стала 13-гадовая дзяўчына са Шчэціна
Прадстаўнік турфірмы Зэт дарыць Ганне Шафiнскай падарунак, бо яна стала 30-тысячным бязвізавым турыстам у Гродне
Прадстаўнікі гродзенскай турфірмы «Зэт», да якой Шафiнскiя звярнуліся па дапамогу ў выглядзе невялiкай экскурсіі па горадзе, падарылі гасцям з Польшчы памятныя падарункі. Нагадаем, Указ № 318, які дае права замежным турыстам наведваць без віз тэрыторыю спецыяльнага турысцка-рэкрэацыйнага парку «Аўгустоўскі канал», уступіў у сілу 26 кастрычніка 2016 года. Дакумент прадугледжвае магчымасць бязвізавага ўезду тэрмінам да пяці сутак на тэрыторыю парку і ў прылеглыя населеныя пункты Гродзенскага раёна і Гродна. Такім правам скарысталіся ўжо 30 тысяч замежнікаў. Асноўную частку турыстаў складаюць прадстаўнiкi Лiтвы i Польшчы. У цэлым Гродна і яго наваколле наведалі замежнікі з больш чым 50 краін свету.