Ганна Шафінска разам з бацькамі і сябрамі адпачывала каля Беластока. У адзін момант сям’я вырашыла скарыстацца бязвізавым уездам у Беларусь і наведаць Гродна. Шафiнскiя родам са Шчэціна, а ў Беларусь прыехалі ўпершыню і былі здзіўлены тым, як іх сустрэлі гродзенцы.
Сям’я з Польшчы прыехала ў Гродна толькі на некалькі гадзін, за гэты час ім удалося паглядзець Фарны касцёл са старой аптэкай, наведаць Дом-музей Элізы Ажэшкі, а таксама іншыя славутасці горада.
«Мы з бацькамі шмат падарожнічаем, але ў Беларусі ўпершыню і нам вельмі спадабалася, — распавядае Ганна. — Гродна сам па сабе прыгожы і чысты горад. Па прыездзе ў мяне была мэта ўбачыць замкі, гістарычныя месцы і многае іншае. Убачанае спадабалася. Таксама было вельмі нечакана і прыемна даведацца, што я стала юбілейным турыстам у Гродне. Вядома, здзівіла столькі ўвагі «.
Прадстаўнікі гродзенскай турфірмы «Зэт», да якой Шафiнскiя звярнуліся па дапамогу ў выглядзе невялiкай экскурсіі па горадзе, падарылі гасцям з Польшчы памятныя падарункі.