Эксперыментальны гурт Autonomicon, які заснавалі тры гродзенскія настаўнікі, выдаў свой чацвёрты альбом «Icarus Messerschmitt». Музычныя крытыкі сайта Experty.by далі яму вельмі розныя ацэнкі: ад максімальна магчымай 10 да зусім сціплай 4.
Альбом выйшаў у канцы сакавіка 2017, але толькі зараз яе ацанілі музычныя крытыкі, што працуюць на сайце. Дарэчы, кружэлка запісвалася амаль чатыры гады ў Беларусі, Польшчы, Германіі і В’етнаме.
«Гэта падарожжа ў краіну змрочных станаў псіхікі, туды, дзе не хочацца заставацца, але прыходзіцца («Менск-непераменск»). Гэта дэканструкцыя мелодыкі і эмацыйнасць («Зверь», І «Усё ж такі цяплей»). Гэта спроба паставіць дыягназ сучаснаму грамадству («Там обедают удилами»), а таксама спроба намацаць беларускі дыскурс і сябе ў гэтым дыскурсе («Дрыгва сапіенс», «Шыва прызямліўся ў Гародні», «Тры мацi»), ― апісваюць альбом музыкі для Еўрадыё. Яны падкрэсліваюць, што канцэпцыя LP ― гэта шлях ад адчайнага бездапаможнага жаху да надзеі.
Гурт Autonomicon ствараюць Дзяніс Трусаў, Жэня Герасімчук і Андрэй Куцко. Цікава, што акрамя звыклых гітары, басу і клавішаў у запісе выкарыстоўваўся таксама даволі рэдкі і незвычайны інструмент — тэрменвокс.
Паводле канцэпцыі, Autonomicon ― адкрыты гурт (створаны ў 2004-м), да якога можна далучацца онлайн. Гэтым разам, апроч школьных настаўнікаў, над дыскам працавалі музыкі гуртоў Earworm, «Пагост», «Лола». Графічным афармленнем займаўся мінскі ілюстратар Алекс Навіцкі. За тэксты ў гурце адказныя паэткі Дзіна Мележ, Ульяна Заварацiнская, Марэла Язерская.
Меркаванні экспертаў з Experty.by
Конрад Ерафееў
адзнака: 10,00
Глейкі і цяжкі для праслухоўвання гэты альбом — сур’ёзны выклік для слухача. Чаму ён ідзе так цяжка, зразумееш не адразу, але паступова даходзіць: ён настолькі перапоўнены, нафаршыраваны да адмовы і бітком сэнсамі, што патрабуе гранічнай увагі, і ад гэтага можна з нязвычкі стаміцца. Гэтая слухацкая праца, зрэшты, таго варта: тут шыкоўна зроблена абсалютна ўсё. І афарыстычна, напоўненыя няпошлымі (!) каламбурамі тэксты, і мінімалістычныя, без сола і бліскучых інструментальных хадоў аранжыроўкі, якія жывуць дзесьці паміж індастрыялам і шугейзам, і класны вакал, і саўнд-дызайн. У давяршэнне, альбом цалкам лакальны, ён менавіта беларускі, а не расейскі, украінскі ці польскі - і гэта чуваць ва ўсім, пачынаючы ад вельмі арганічнага двухмоўя і канчаючы тэматыкай і сэнсам песень.
Зміцер Безкаравайны
адзнака: 7,00
Пад знешняй абалонкай з мінімалістычнага лоў-фай хаваецца насычаны і эклектычны праект, у якім можна знайсці ноткі шугейзу і дарк-фольку, нойзу і псіхадэліі. Атмасфера рэлізу змрачнаватая і трывожная: нягучныя казкі на ноч на закінутым хутары, у прыцемках і тумане, сярод шоргатаў і дзіўных гукаў. Песні і речытатыўна-шумавыя замалёўкі чаргуюцца адзін з адным. Цэнтральнай песняй хочацца назваць адкрываючую «Менск-непераменск» — дзіўны па прыгажосці гімн узаемадапаўняльным любові і смутку. Таксама можна адзначыць эфектны аўдыяхорар «Тры Маці» і вельмі добрую псіхадэлічную «Confucianesque». Разам з тым крыху правальваецца «Шыва прызямліўся ў Гародні» ў сярэдзіне і ў фінале некалькі лішніх песень. Неідэальна, але пакуль што самы незвычайны альбом года.
Мікалай Янкойць
адзнака: 7,00
Лоўфаевы інтравертны дыск, стракаты музычнымі складнікамі, але цэльны настроем — адчайным і хваравітым. Запіс атрымаўся хатні: мінімалістычны інструментарый, шэпты і шолахі, цёплы шум, шчырасць, наўмысная наіўнасць, шмат эксперыментаў з гукам і формай (не заўсёды зразумелых — здаецца, некаторыя з іх зробленыя выключна дзеля самога эксперымента). Добра адчуваюцца знешнія ўплывы: у паветраным загалоўным трэку, напрыклад, гурт выдае натуральнага Леаніда Фёдарава, а ў шыкоўным манатонным «Confucianesque» — аж Velvet Underground. Пры гэтым матэрыял не гучыць другасна; ёсць у гурта і свой почырк, і асаблівая прывабнасць. Шырокай аўдыторыі «Ікара» не параіш, але ён безумоўна заслугоўвае пачэснага месца на паліцы каля гродзенскага андэграўнда, побач з Earworm і .К.
Ягор Цывілька
адзнака: 4,00
Эксперымент у музыцы — заўсёды гульня з наўмысным парушэннем правіл. Autonomicon хапае рашучасці заходзіць за прынятыя межы, але не стае магчымасцяў давесці распачатае «злачынства» да асэнсаванага выніку, пэўнай канцэпцыі. Хіба гэта гульня дзеля гульні? Утрыраваная, літаральна прымітыўная мелодыка, недасканалы вакал, дзіўнавата-пуставатыя тэксты «з прэтэнзіяй» — не тое, што хочацца сустракаць за нагрувашчваннямі шумоў у сутарэннях лоў-файнага гуку. Уся гэтая музыка — толькі антуражны саўнд-дызайн, за якім не хаваецца нічога вартага ўвагі. Вылучаюцца хіба «Менск-непераменск» ды «Дрыгва сапіенс», але гэтага мала.