Практыка студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у Гродне завяршылася перадачай гораду скульптурных кампазіцый. Іх тэматыка навеяна кінастужкамі, якія здымалі ў розныя гады ў нашым горадзе, у тым ліку фільмам па раману Уладзіміра Караткевіча «Хрыстос прызямліўся ў Гародні», піша «Гродзенская праўда».
Сем студэнтаў і выпускнікоў акадэміі з дацэнтам кафедры скульптуры Сяргеем Логвіным упершыню працавалі на Гродзенскім камнеапрацоўчым заводзе ААТ «Будоўля» ў Пушкарах. Ім для работы прывезлі валуны і камяні з палёў Гродзенскага раёна, а таксама выдзелілі адыходы вытворчасці камнеапрацоўчага завода — камяні з Карэліі і Польшы. Працы студэнтаў акадэміі будуць устаноўлены ў новых мікрараёнах горада.
- Мы ўжо шмат гадоў праводзім на базе завода розныя пленэры, прадастаўляем месца, зыходныя матэрыялы, інструмент і абсталяванне скульптарам, — распавядае дырэктар ААТ «Будоўля» Павел Бузук. — Цяпер абсталёўваем пляцоўку і навес, дзе ў любое надвор’е могуць працаваць скульптары ці практыкавацца студэнты акадэміі мастацтваў.
Раней на гэтым прадпрыемстве працавалі вядомыя скульптары Гродзеншчыны і Беларусі. У выніку з’явіліся скульптурныя кампазіцыі у парках Жылібера і Каложскім, памятны знак на Кургане Славы, на месцы Фары Вітаўта ў Гродне, у Жыровіцкім манастыры, санаторыі «Азёрны» і іншыя.