Платная паркоўка на Віленскай перастае быць пустой: кіроўцы ў Гродне прывыкаюць і ўжо гатовыя плаціць за паркоўку. Праблемы зараз выяўляюцца з іншага боку: побач са стаянкай немагчыма прайсці і праехаць на ровары.

Штодня бетонныя паўсферы з паркоўкі, як платнай, так і для людзей з інваліднасцю, нехта перасоўвае на тратуар. У выніку немагчыма прайсці пешаходам, праехаць веласіпедыстам і людзям з дзіцячымі вазкамі.

«На вуліцы Віленскай штодня застаўлена ўся паркоўка для людзей з інваліднасцю, пры тым, што яшчэ ёсць месцы на платнай стаянцы, — кажа абураны гродзенец Аляксандр. — Бетонныя паўсферы, якімі была адгароджана паркоўка для інвалідаў, перацягваюць да платнай паркоўкі. Але з-за таго, што паўсферы паставілі на тратуар, пакутуюць пешаходы i веласіпедысты».

Падобная сітуацыя і побач з барам «Карыца», дзе паўсферы таксама знаходзяцца на тратуары. Гэтак, жанчыне з дзіцячым вазком немагчыма праціснуцца памiж імі і апорамі асвятлення — даводзіцца выходзіць на праезжую частку.

«Пешаходы штодня сцягваюць паўсферы з тратуара, каб можна было хадзіць, але кожны дзень іх зноў зацягваюць на тратуар», — каментуе Аляксандр.

У бліжэйшых барах кажуць, што рухаюць паўсферы будаўнікі, бо яны зараз працуюць на Віленскай i час ад часу там праяджаюць аўтамабілі, што абслугоўваюць будоўлю.

Пешаходы ў сваю чаргу сталі звяртацца да супрацоўнікаў ДАІ, якія амаль штодня працуюць на Віленскай.

У прэс-службе ДАІ параілі ў выпадках, калі ўмяшальніцтва інспектара сітуацыю не вырашае, ці на наступны дзень усё паўтараецца, звяртацца ў ДАІ з пісьмовымі заявамі.