Праз 20 дзён пасля прэзентацыi адноўленых карт Лапіных прададзена ўжо каля 1000 калод. Ажыятаж на гродзенскую прадукцыю вялікі і не толькі ў Гродне. Пра гэта распавёў Hrodna.life адзін з аўтараў праекта па аднаўленні даваенных гродзенскіх карт Антон Янкоўскі.

Вялікi продаж карт пачаўся адразу пасля прэзентацыі прадукцыі. Куплялі карты Лапiных як моладзь, так і людзі старэйшага ўзросту.

«Калі лічыць, што наш праект падтрымалі на «Талацэ», а таксама крамы, якія бралі прадукцыю на рэалізацыю, то на сённяшні дзень прададзена каля 1000 асобнікаў, — распавядае Антон. — Вельмі прыемна, што людзі купляюць карты з вялікім задавальненнем. Гэта значыць, карты ў нас атрымаліся, яны зараз вельмі папулярныя.

Мы цяпер ездзім па фестывалях і там таксама карты карыстаюцца попытам. Напрыклад, на апошнім у Гродне многія людзі праходзілі і, затрымаўшыся, пыталіся: «Гэта тыя самыя карты, якія знайшлі на Будзёнага?»

Ужо 1000! Антон Янкоўскі пра надзвычайную папулярнасць новых карт Лапіных
Новыя карты Лапіных у краме «Кубік»
Зараз у планах Антона і яго каманды працаваць на тым, каб новыя карты Лапіных з’явіліся як мага хутчэй і e розных крамах Гродна і іншых гарадах. Напрыклад, у Гродне акрамя крамы «Кубік» карты можна купіць яшчэ ў краме «Лёля». Цана на прадукцыю ад 5 рублёў. У бліжэйшы час карты павінны з’явіцца і ў Новым замку.

«Наша галоўная задача — каб карты былі даступныя ў розных крамах і месцах. Палову першай партыі мы ўжо прадалі. Калі продаж пойдзе і далей актыўна, то перад Новым годам зробім перавыданне».

Не выключана, што ў 2018 годзе творчае згуртаванне А4 выпусціць іншыя карты Лапіных. Магчыма, гэта будзе Рэйнская калода ці покерная. Але пра гэта пакуль казаць рана. Зараз каманда стварае ўласны сайт, а таксама працуе над стварэннем новай настолкі.

[irp posts="6888″ name="Чым заняцца зімовым вечарам: 7 настольных гульняў для кампаніі"]