Каманда Ігара Кавалевіча ў Мазыры 29 лiпеня толькі на апошніх хвілінах здолела вырваць перамогу ў мясцовай «Славіі». Аўтарам пераможнага мяча стаў навабранец «Нёмана» Вячаслаў Глеб. Дзякуючы чарговай перамозе жоўта-зялёныя паднялiся на чацвёрты радок, якi цяпер дзеляць з ФК «Слуцк».

Матч у супернікаў выдаўся няпросты, пагаворвалі нават пра перанос гульні з-за лужын, якія ўтварыліся на поле пасля працяглых дажджоў. Але работнікі стадыёна ў Мазыры здолелі падрыхтаваць поле і каманды выйшлі гуляць.

Гродзенцы першымі здолелі адкрыць лiк, зрабіў гэта на 29-й хвіліне Андрэй Якімаў. Гаспадары скарацілi перавагу гродзенцаў толькі на 76-й хвіліне. Дакладным ударам у мазыранаў адзначыўся Вадзім Курловіч.

Але кропку ў матчы на ​​першай дадатковай хвіліне паставіў навабранец «Нёмана» Вячаслаў Глеб. Нападаючы пасля прастрэла з флангу толькі з другога ўдару здолеў забiць у вароты «Славіі».

Славія (Мазыр) — Нёман (Гродна) — 1:2

Галоўны трэнер «Нёмана» Ігар Кавалевіч пасля матчу:

— Вялікі дзякуй працоўнікам стадыёна, якія здолелі падрыхтаваць поле. У гульні было шмат барацьбы. Пасля выхаду Страхановіча «Славія» пераламала ход гульні. Мазырчукі працягнулі нагнятаць — але мы змаглі забіць у канцоўцы. Гэта сведчыць аб характары каманды.

— Што скажаце наконт выхаду Глеба?

— Яго задача была прытрымаць мяч і дапамагчы разганяць атакі. Я задаволены, як Глеб працуе і гуляе.

Пасля перамогі над «Славіяй» жоўта-зялёныя дзеляць чацвёрты радок з ФК «Слуцк», у якіх на адзін матч згуляна менш. Абедзве дружыны маюць па 28 ачкоў.

У нядзелю, 6 жніўня, «Нёман» правядзе матч у Гродне. Каманда Ігара Кавалевіча будзе прымаць «Іслач».