Да 7 гадоў пазбаўлення волі прыгавораны віноўнік смяротнага наезду на тратуары ў Гродне. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Гродзенскім абласным судзе.
Суд Ленінскага раёна Гродна 26 ліпеня вынес прыгавор па рэзананснай справе. 30-гадовы жыхар абласнога цэнтра прызнаны вінаватым у здзяйсненні злачынстваў па ч.4 арт.317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення, што пацягнула смерць чалавека) КК, а таксама ст. 415 (ухіленне асуджанага ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Мужчыну прызначана пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 7 гадоў у папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму з пазбаўленнем права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем усімі відамі транспартных сродкаў, тэрмінам на 5 гадоў.
Як паведамлялася, раніцай 20 красавіка жыхар Гродна не выканаў патрабаванні супрацоўнікаў ДАІ спыніцца і паспрабаваў уцячы. Парушальнік паехаў па пр-т Касманаўтаў у бок вул.Кірава. На пуцеправодзе праспекта і вул.Будзёнага кіроўца дапусціў бакавы занос і заехаў на тратуар, дзе збіў пешахода: у выніку наезду 45-гадовая жанчына атрымала цяжкія траўмы і была шпіталізаваная ў рэанімацыйнае аддзяленне, дзе памерла.
Падчас следства было ўстаноўлена, што кіроўца рухаўся з хуткасцю не менш 124 км/ч. Канцэнтрацыя алкаголю ў выдыханым ім паветры склала амаль 2 праміле.
Раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці за асабліва злоснае хуліганства. З сакавіка па лістапад 2016 гады ён ўхіляўся ад адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі.