На родным стадыёне каманда Ігара Кавалевіча ў суботу 22 ліпеня абыграла сталічную дружыну з лікам 1:0 і здолела прайсці ў ¼ фіналу Кубка Беларусі. Адзіны мяч у матчы на 10-й хвіліне забіў капітан гродзенцаў Павел Савіцкі.

Гаспадары з самага пачатку матча пачалі пагражаць варотам мінчан. Калі ж з першага разу Савіцкі не здолеў трапіць у вароты суперніка, то вось другі шанец лепшы футбаліст «Нёмана» не выпусціў і дакладна сыграў на дабіванне.

Пасля ўзяцця варот «Мінска» гродзенцы крыху збавілі абароты і гулялі на ўтрыманне лiку, але пры гэтым час ад часу пагражалі варотам суперніка.

У другім тайме Кавалевіч выпусціў навабранца гродзенцаў Вячаслава Глеба, які добра ўвайшоў у гульню: аддаваў абвастраючыя перадачы, а таксама пагражаў варотам «Мінска». Але вось вызначыцца ў матчы, акрамя Савiцкага у самым пачатку, больш нікому не атрымалася. У выніку «Нёман» мінімальна абыграў «Мінск» і прайшоў далей у Кубку.

«Нёман»: «Мінск» — 1:0

Пасля матчу Ігар Кавалевіч пракаментаваў гульню сваёй каманды ў матчы з «Мінскам»:

«Па выніках першага круга Мінск знаходзіцца сярод лідэраў па кантролю мяча, на другім месцы пасля БАТЭ. Каманда гуляе ў камбінацыйны футбол. Ёсць у мяне прэтэнзіі да каманды, але я іх выкажу ў распранальні. У гэтай гульні галоўнае тое, што мы выйшлі ў ¼ фінала. Што тычыцца Глеба — дэбют яго атрымаўся. Гулец высокага ўзроўню. Мог забіць, добра аддаў. Я думаю, ён нам яшчэ дапаможа ў будучыні.

Чаму няма Лакціёнава ў складзе? У складзе месца трэба яшчэ заслужыць. Не зусім так ён правёў другую палову першага круга, як ад яго чакалі. Ёсць Лакціёнаў, Хлебасолаў, Глеб. Хай працуюць, даказваюць сваё месца ў складзе".

Матчы ¼ фіналу Кубка Беларусі ўжо пройдуць у 2018 годзе, таксама пазней «Нёман» і пазнае свайго будучага суперніка. А цяпер наперадзе ў гродзенцаў другi круг чэмпіянату Беларусі. Бліжэйшы матч жоўта-зялёныя правядуць 29 ліпеня ў Мазыры, дзе згуляюць з мясцовай «Славіяй».

***
Варта адзначыць, што на Кубкавым матчы з «Мінскам», фанаты «Нёмана» на сваім сектаре паднялі банер, які ў папярэднім матчы на гродзенскім стадыёне быў канфіскаваны ў заўзятараў каманды.
"Нёман" абыграў "Мінск" і прайшоў у чвэрцьфінал Кубка Беларусі