Работнікі Зелянбуда раніцай 14 ліпеня пачалі спілоўваць дрэвы каля будынку УУС аблвыканкама на вуліцы Акадэмічнай. Работы праводзіліся нягледзячы на тое, што дрэвы яшчэ былі ў добрым стане.

Убачаным была абураная гродзенскі краязнаўца Любоў Зорына:

“Я ішла міма і калі ўбачыла, што зусім здаровыя дрэвы проста бязлітасна спілоўваюць, то была вельмі засмучаная. Глядзець на гэта вельмі балюча. Дрэў і так мала, а іх яшчэ і спілоўваюць. Горад у нас не вельмі здаровы, а зялёныя насаджэнні дапамагаюць нам проста выжываць – дыхаць. Яшчэ нядаўна Гродна быў зялёны і ўтульны, а цяпер ад таго нічога не засталося”.

Рабочыя Зелянбуда кажуць, што ім загадалі пілаваць, таму яны і пілуюць.

“Што зробiш, у нас праца такая, – кажа адзін з рабочых. – Але нават калі прыгледзецца да дрэў, то можна ўбачыць што частка з іх была ў дрэнным стане. Падчас апошніх дажджоў і ўраганаў тоўстыя галінкі падалі на зямлю. Іншы раз маглі б зваліцца на людзей і на транспарт. І мы не спілоўваем усе дрэвы, толькі частку, якая не ў лепшым стане”.