Непрыемная сітуацыя адбылася на гродзенскім стадыёне ў нядзелю 25 чэрвеня, калі “Нёман” гуляў супраць БАТЭ. Гродзенская сям’я Пятрэвіч вырашыла падтрымаць родную каманду малітвай і на матч з чэмпіёнамі прыйшла з плакатам, на якім была вытрымка з Бібліі. Але напісанае не спадабалася спецыялісту па бяспецы гродзенскага клуба і плакат быў канфіскаваны ў перапынку матчу. Прычына – незарэгістраваны банер.
Дзеянні супрацоўніка клуба Сяргея Гойжа не спадабаліся сям’і, якая некалькі гадзін малявала плакат.
“Супрацоўнік клуба прыйшоў у суправаджэнні міліцыі і проста забраў у нас Слова Божае. Сказаў, што нельга такое трымаць на стадыёне, – распавядае Анастасія Пятрэвіч. – Але што тут дрэннага? Мы з дзецьмі стараліся, малявалі цэлы вечар плакат, каб падтрымаць каманду. Так, мы вернікі і молімся за “Нёман”, тым больш у нашых хлопцаў меў быць сур’ёзны матч з моцным супернікам. Мы хацелі, каб Бог дапамог любімай камандзе абыграць чэмпіёна краіны і менавіта таму прыйшлі з малітвай на матч. Пасля такога стаўлення нічога не хочацца рабіць – ніякай творчасці. Мы ж прыйшлі на стадыён з плакатам не супраць дзяржавы ці якога-небудзь чалавека, мы проста напісалі каб Бог дапамог “Нёману”.
Спецыяліст па працы з заўзятарамі гродзенскага клуба Вольга Трафімовіч падчас матчу падышла да трыбунаў, паглядзела на плакат сям’і Пятрэвіч і нічога забароненага там не ўбачыла. Нягледзячы на гэта, плакат у перапынку матчу быў канфіскаваны.
“Па ўтрыманні плаката нічога забароненага на ім не намалявана і не напісана, – распавядае Вольга. – Няма нічога дрэннага ў вытрымцы з Бібліі, калі людзі такім чынам падтрымліваюць “Нёман”. Так, па правілах рэгламенту банер павінен быць зарэгістраваны ў рэестры альбо перад матчам зацверджаны ў інспектара, але пра такое інфармаваныя больш актыўныя фанаты, чым гледачы або заўзятары. Таму ў пачатку матчу я падышла да нашых заўзятараў, паглядзела плакат і пераканалася, што на на ім усё ў парадку. Магчыма, для ўпэўненасці трэба было паведаміць інспектару матчу, але пра такі зыход не было і думкі ў той момант”.
Пасля матчу інспектар нічога дрэннага ў банеры не ўбачыў, як і міліцыя. Але плакат сям’і Пятрэвічаў так і не аддалі.


