Паўтары месяцы спатрэбілася гродзенцу Максіму Радзько, каб стварыць аналаг вядомай гульні “Манаполія” ў антуражы сучаснага Гродна. Першы тыраж настолкi ўжо прадаецца праз інтэрнэт, але ўжо хутка “Манаполія Гродна” з’явіцца і ў крамах горада.
У гульні гродзенцам будзе знаёма кожнае слова: Кляцкова, Дзевятоўка, Альшанка, мясцовыя бары і кафэ, фітнес-клубы, радыё “Гродна” і многае іншае. Правілы гульні такія ж, як і ў звычайнай “Манаполіі”. У сваю гульню Максім вырашыў дадаць і невялікія сюрпрызы-жарты.
Ствараў гродзенец настолку ў вольны час, для яго гэта пакуль што хобі, але ў будучыні ён, магчыма, працягне працаваць у гэтым кірунку.
“Адзін мой знаёмы з Расіі стаў аўтарам гульні “Манаполія” свайго горада. Яго гульня мяне зацікавіла. Тады ж я падумаў, што можна стварыць “Манаполію” адмыслова пад Гродна. На стварэнне мясцовай гульні сышло прыкладна паўтара месяца. Цяжкасць паўстала толькі ў пошуку друкарні, якая б якасна надрукавала дэталі гульні. Пасля доўгіх пошукаў, мне ўдалося выйсці на мясцовую друкарню “Мастерпринт”, якая не падвяла і дапамагла зрабіць якасны прадукт”, – распавёў Максім.

Першы тыраж гродзенскай “Манаполіі” – усяго 20 гульняў. Іх можна набыць праз інтэрнэт, цана 44 рублi.


