Валанцёры “Адданага сэрца” звярнуліся да гродзенцаў па дапамогу: яны атрымалі штраф 115 рублёў (5 базавых велічынь). У маі жыхарка Гродна Д. напісала заяву ў міліцыю на валанцёраў, якія ў пустым полі без наморднікаў выгульвалі сабак. Жывёлы нікога не чапалі.
Пасля адміністрацыйнай камісіі і атрымання штрафу ў прытулку спынілі выгул сабак да часу, пакуль не агародзяць сеткай тэрыторыю. Жывёлы, якія вышэй за 25 см, увесь гэты час будуць сядзець у вальерах, бо ўсіх наморднікамі забяспечыць немагчыма.
“Гэтая непрыемная гісторыя адбылася 20 мая, у той момант, калі ў прытулку рамантавалі вальеры, а сабакі былі прывязаныя побач на не агароджанай тэрыторыі, – распавядае старшыня “Адданага сэрца” Алена Шыманiца. – Жывёлы былі пад кантролем. Грамадзянцы Д., якая ішла са сваімі дзецьмі каля прытулку, не спадабалася, што з-за брэху сабак прачнулася дзіця”.
Ля прытулку адбыўся канфлік, жанчына выказала меркаванне, што тут сабакі бегаюць без наморднікаў і павадкоў, таму могуць пакусаць дзяцей.
Замест дапамогi – даюць штраф
Жанчына напісала заяву ў міліцыю. Некалькі дзён праводзілася адміністрацыйная праверка, у выніку “Адданаму сэрцу” далі штраф – 5 базавых (115 рублёў) за тое, што на тэрыторыі прытулку валанцёры выгульвалі сабак без наморднікаў і павадкоў. Плюс выгул сабак у неналежным месцы.
“На камісіі жанчына адразу сказала, што мы – ненармальныя сабачнiкi, што жывёлы для нас важней за людзей. Яна казала, што мы ўвесь час выпускаем жывёл з прытулку натоўпам без павадкоў. Але такое немагчыма. У выніку нас аштрафавалі, камісія спаслалася на правілы ўтрымання сабак, хоць у iх нідзе не напiсана што ў полі трэба гуляць з сабакам у намордніку”, – расказвае Алена.
У “Адданым сэрцы” былі б радыя, каб ім прапанавалі дапамогу ад горада – абгарадзілі тэрыторыю для выгулу, а не штрафавалі.
Прытулак перапоўнены – сабак часова не бяруць
На сённяшні дзень валанцёры спынілі выгул вялікіх сабак – рыхтуюць наморднікі і збіраюць грошы на штраф ды агароджу тэрыторыі. Прытулак жыве цалкам за кошт ахвяраванняў. Валанцёры ў свой вольны час дапамагаюць бяздомным жывёлам – даглядаюць і шукаюць новы дом.
“Мы стараемся, але ўсё пацягнуць не хапае сіл. Зараз у нас штраф, купля ежы, аплата арэнды, а тут яшчэ чарговы збіты сабака, якому патрэбна аперацыя. Мы просім дапамогі ў неабыякавых гараджан. Калі збярэцца больш грошай, чым нам патрэбна, яны пойдуць на стэрылізацыю жывёл”.
Сабак у прытулку цяпер каля 40. Часцей за ўсё непатрэбных жывёл людзі прывязваюць да плота прытулку, каб валанцёры іх забралі. Зараз прытулак перапоўнены, валанцёры часова перасталі браць жывёл.





