У сетцы з’явілася відэа гарачага танца Олі Лета з танцорам Алегам Омi на даху гандлёвага дома “Нёман”. Гэтым ролікам гродзенская танцорка хацела паказаць, што дэнсхол танцуюць не толькі дзяўчаты, але і хлопцы.
“Рыхтаваліся зняць такое відэа даўно. Я запланавала здымкі менавіта з хлопцам, каб паказаць, што дэнсхол танцуюць і хлопцы, якія насамрэч з’яўляюцца добрымі выкладчыкамі ў гэтым кірунку, – распавядае Оля Лета. – З Алегам Омi мы знаёмыя ўжо даўно і неаднаразова танцавалі і рабілі нават два шоў, але ён спецыялізуецца па брэйкдансу. Алега прыйшлося вучыць дэнсхолу, што з гэтага атрымалася – можна паглядзець у відэа”.
Оля кажа, што ў будучыні можа зрабіць змяшаную групу для дзяўчат і хлопцаў, бо “дэнсхолл гэта не толькі трасяніна ягадзіцамі”.
Дарэчы, на даху ГЦ “Нёман”, дзе танцавала Оля, неўзабаве адкрыецца аглядная пляцоўка з рэстаранам.


