Як зрабіць выезды на матчы хакейнага еўракубка таннейшым і разнастайнейшымі ведае гродзенец Дзмітрый Герасімчык. Ён прапануе заўзятарам хакейнага “Нёмана”, а таксама прадстаўнікам каманд, якія будуць супернікамі чырвона-чорных у Лізе Чэмпіёнаў, з дапамогай адмысловых хэштэгаў наладжваць кантакты, каб дапамагаць з начлегамі, экскурсіямі па горадзе ды ў іншых выязных пытаннях.
У клубы і фанклубы супернікаў “Нёмана” Дзмітрый ужо напісаў лісты. У іх ён патлумачыў спосабы ўезду ў Беларусь, напісаў пра краіну, горад, гродзенцаў, арэну, заўзятараў і г.д. Яму ўжо прыйшоў першы адказ – ад швейцарскага ХК “Цуг”. Прадстаўнік каманды паабяцаў, што атрыманую iнфармацыю перадасць усім фанатам і заўзятарам.
“Наш “Нёман” другі раз удзельнічае ў хакейнай ЛЧ. Першы раз былі вельмі запамінальныя гульні з “Адлерам” і “Вiткавiцэ”: як дома, так і ў гасцях. Тады я пазнаёміўся з заўзятарамі “Адлера”, з якімі на сувязі да гэтага часу. Не менш багатыя эмоцыі могуць атрымаць усе гродзенскія заўзятары, – распавядае Дзмітрый. – Прыйшоў 2017 год і наш “Нёман” – ізноў чэмпіён. Упэўнены, што заўзятары ўважліва сачылі за лёсаваннем турніра. Адразу пасля лёсавання я ўспомніў пра акцыю ФК “Барусія” #bedforawayfans, дзе заўзятары дапамагалі з начлегам прадстаўнікам супернiка. Тут і з’явілася думка зрабіць такое і ў нас”.
Значна прыемней, калі на гасцявым сектары не 20, а 200 чалавек
Галоўная ідэя Дзмітрыя – прыцягнуць максімальную колькасць заўзятараў замежных каманд на матчы ў Гродне і даць магчымасць большай колькасці гродзенцаў наведаць гарады супернікаў. Дзмітрый лічыць, што значна прыемней глядзець хакей, калі на гасцявым сектары не 5-20, а 100-300 чалавек. Адначасова гэта магчымасць зрабіць добрую рэкламу гораду, краіне і яе жыхарам. Гэта магчымасць пазнаёміцца і пасябраваць з прадстаўнікамі іншых хакейных чэмпіянатаў, іншых культур, а таксама абмяняцца вопытам і проста добра правесці час.
Дзмітрый прапануе неабыякавым заўзятарам “Нёмана” і ўсім гродзенцам, а таксама заўзятарам “Цуг”, “Вена Кэпіталз” і “Йювяскюля”, якія хочуць прыняць у сябе заўзятараў супернікаў або шукаюць начлег на выездзе, адзначаць свае фота ў сацыяльных сетках хэштэгамi #bedforzuginhrodna #bedforhrodnainzug; #bedforviennainhrodna #bedforhrodnainvienna; #bedforjypinhrodna #bedforhrodnainjyp.
“Няма ўпэўненасці, што задумка спрацуе – на хакей не выязджае столькі заўзятараў, як на футбол, хакей не настолькі масавы від спорту. Але як мінімум гасціннасць і гатоўнасць да камунікацыі такім чынам людзі з розных краін паказаць адзін аднаму змогуць: проста размясціўшы хэштэгi ў сябе”.

Праз хакей расказаць пра бязвізавы рэжым
Дзмітрый, праглядаючы каментары ў сацсетках аўстрыйцаў і швейцарцаў, убачыў іх выказванні пра складанасці з візамі пры наведванні Беларусі. Многія заўзятары супернікаў “Нёмана” не ведаюць пра бязвізавы рэжым. Гэтая акцыя – гэта спосаб расказаць пра яго патэнцыйным гасцям.
“Не факт, што замежнікі захочуць ехаць да кагосьцi на кватэру. Магчыма, ім прасцей і надзейней зняць кватэру або нумар у гатэлі. Але яшчэ адна задача гэтай акцыі – проста паказаць нашу гасціннасць і адкрытасць. А раптам аматары бытавога “экстрыму” знойдуцца?”
Дзмітрый кажа, што патрэбная стратэгія ў прасоўванні ідэі. Перадусім, трэба падрыхтаваць паведамленні на англійскай і нямецкай мовах для іншаземцаў і аналагічныя для нашых землякоў. Затым распаўсюдзіць іх праз СМІ, групы ў сацыяльных сетках і праз сарафаннае радыё.
“Я адкрыты для ідэй і іх абмеркавання. Нельга проста ўзяць і прафукаць такое свята”.
https://youtu.be/cMd9JPZjoBQ




