Нягледзячы на пажар, гродзенскі піўзавод, як і планавалася, 26 мая будзе выстаўлены на аўкцыён. Цана на гісторыка-культурную каштоўнасць у цэнтры горада не ўпала і складае каля 1,5 мільёна рублёў. Ці можна прадаць закінуты завод у цяперашнім стане і што з ім рабіць, Hrodna.life спытаўся ў Арцёма Бубена, стваральніка апошняга праекта рэканструкцыі аб’екта.
Зараз Арцём жыве ў Мінску, а калі вучыўся ў Гродзенскім палітэхнічным каледжы распрацаваў архітэктурны праект рэстаўрацыі піўзавода: з музеем, хостэлам і рэстаранам. Нават нягледзячы на пажар хлопец лічыць, што і цяпер яго праект можна рэалізаваць.
«Як толькі пажар адбыўся, усе сталі мне пісаць і тэлефанаваць, такое адчуванне, што ён належыць мне і ўсе лічаць належным мне паведаміць. Мой праект яшчэ можна рэалізаваць. Але з улікам таго, што прыйдзецца выдаткаваць вялікую суму на аднаўленне даху і часткі трэцяга паверха, якія згарэлі. Без своечасовага ўмацавання рэшты апорных фасадных сцен і перакрыццяў, калі яны таксама пацярпелі, не абысціся. Верагодна, фасады мы можам страціць нават ад моцнага ветру, з прычыны тых жа травеньскіх навальніц. Адпаведна, прыйдзецца нанова адбудоўваць трэці паверх і дах».
«Завод зноў выстаўлены на таргі, за тую ж суму, што і да пажару. Хачу памыліцца, але думаю, што гэтае кола будзе працягвацца, пакуль яго не купяць за драбязу, альбо пакуль ён не разваліцца канчаткова. А пасля прывабны кавалачак зямлі ў цэнтры на набярэжнай прададуць пад чарговы гандлёвы цэнтр або гасцініцу. Больш з гэтай нагоды мне няма чаго дадаць, бо я ніяк паўплываць на лёс помніка архітэктуры не магу».
Аўкцыён, дзе ў тым ліку будуць у чарговы раз прадаваць былы піўзавод, пройдзе ў Гродзенскім гарвыканкаме ў пятніцу, 26 мая.