20 мая ў Новым замку ў час «Ночы ў музеі». Гродзенцы мелі ўнікальную магчымасць пабачыць і пагуляць першымі тэставымі картамі, зробленымі творчым згуртаваннем «А-чатыры» паводле старых гродзенскіх картаў братоў Лапіных першай паловы ХХ стагоддзя.
Карты, якімі гулялі аматары азарту з усёй міжваеннай Польшчы, выдаваліся ў Гродне, тут іх і вырашылі аднавіць. Арыгіналы прадукцыі знайшліся ў будынку былой фабрыкі братоў Лапіных у час рэканструкцыі восенню 2015 года.
«Гэта чарнавы варыянт, і ён не ідэальны, нам ёсць яшчэ над чым працаваць, — распавёў пра першую калоду аўтар праекта Антон Янкоўскі. - У бліжэйшы час мы пакажам каробку для карт. Таксама ёсць верагоднасць, што карты паспрабуем зрабіць пластыкавымі, але перад тым мы б хацелі даведацца меркаванне гараджан», — распавёў аўтар праекта Антон Янкоўскі.Адной з першых, хто ацаніў тэставыя карты, была гродзенка Таццяна. Дзяўчына гатовая ўжо была набыць адзіную калоду.
«Самае цікавае і незвычайнае гэта тое, што ты гуляеш такімі ж картамі, якімі гулялі людзі некалькі дзясяткаў гадоў таму. Вядома, гэта не арыгінальная калода, але ты ўсё роўна дакранаешся да гісторыі. Выдатна, што рабяты вырашылі ўзнавіць карты таго часу. Да нядаўняй знаходкі ў Гродне, у месцы дзе яны выпускаліся, пра іх ніхто нават ну чуў. Вельмі чакаю, калі карты з’явяцца ў продажы і абавязкова набуду сабе калоду».
Збор сродкаў на выданне карт працягваецца, дапамагчы праекту можна на Talaka.by.