У Гродне 20 мая стартаваў другі этап чэмпіянату і першынства Беларусі па аўтакросе памяці Надзеі Бялько. У спаборніцтвах, якія праходзяць на трасе каля “Азота”, прымае ўдзел каля 30 спартсменаў з розных гарадоў краіны.
Ужо некалькі гадоў гэтыя спаборніцтвы арганізоўвае абласная структура ДТСААФ. Траса мае даўжыню 1,2 кіламетра, яна ўпарадкавана згодна з правіламі бездарожных трас.
Спаборніцтвы праходзяць на працягу двух дзён. У першы дзень удзельнікі змагаліся ў розных дывізіёнах “Д-1”, “нацыянальны – 2000”, “Багі Д-3″ Спрынт” і “Д-2”. У нядзелю, 21 мая, гледачоў будуць чакаць сур’ёзныя гонкі ў розных дывізіёнах ужо з 9.00.
Спаборніцтвы прысвечаны памяці Надзеі Бялько, якая загінула ў ДТЗ 31 мая 2013 года. Яна ехала ў Гродна на спаборніцтвы, у якіх была галоўным сакратаром. Яе аўтамабіль нечакана выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з сустрэчнай машынай.













