Адно з самых вясёлых святаў Лаг ба-Омер адзначылі гродзенскія яўрэі 14 мая. У гэты дзень прынята ладзіць вогнішчы, слухаць музыку і весяліцца.

Для самых маленькіх прадстаўнікоў абшчыны каля сінагогі быў падрыхтаваны вялікі сюрпрыз — надзіманая горка. Таксама каля сінагогі прайшоў невялікі дзіцячы парад. Для дарослых свята пачалося за сталом, на якiм прысутнічалі шакалад, садавіна, гародніна і многае іншае.

Доўгі час Лаг ба-Омер не з’яўляўся асабліва значным святам для яўрэяў, аднак сёння значэнне яго моцна ўзрасло. Свята трывала заняла сваё месца сярод усіх вядомых святкаванняў яўрэйскага народа.

У гэты дзень у многіх рэлігійных сем’ях прынята ўпершыню стрыгчы хлопчыкаў, якія дасягнулі трохгадовага ўзросту, а таксама палiць вогнiшча.

Лаг ба-Омер у перакладзе азначае «33-ы дзень Омера». Омерам называюць сямітыднёвы перыяд паміж двума галоўнымі вясновымі яўрэйскімі святамі - Песахам (свята зыходу з Егіпта) і Шавуотам (свята даравання Торы). Гэта адзіны дзень у Омеры, калі адмяняюцца забароны на шлюб, стрыжку і галенне, нашэнне новага адзення.