На скрыжаванні Кабяка і Індурскай шашы ў Гродне 10 мая адбыўся чацвёрты следчы эксперымент па справе леташняга ДТЗ, у якім загінуў скутарыст. Бацька загінулага хоча дамагчыся справядлівасці і працягвае шукаць сведак.

Раніцай 3 чэрвеня 2016 года сутыкнуліся аўтамабіль Mercedes-Benz і скутар. 22-гадовая дзяўчына за рулём аўтамабіля ехала з боку рынка «Паўднёвы», паварочвала налева і не саступіла дарогу скутарысту, які рухаўся ў прамым напрамку з кальца Славінскага-Перамогі. У выніку сутыкнення 32-гадовы мужчына памёр на месцы.

Нягледзячы на ​​ажыўленасць гэтага ўчастка, сведкi ДТЗ адразу не аб’явіліся. Іх удалося знайсці толькі пасля таго, як бацькі загінулага хлопца выйшлі на вуліцу з плакатамі.

На чарговым следчым эксперыменце супрацоўнікі органаў спрабавалі ўзнавіць карціну смяротнага ДТЗ. Следчыя вывучалі магчымасць агляду з Mercedes-Benz з улікам размяшчэння на праезнай частцы іншых аўтамабіляў. Эксперымент заняў каля гадзіны.

"Год як сына няма, а мы не можам дамагчыся праўды". Прайшоў чарговы следчы эксперымент па справе ДТЗ, у якім загінуў скутарыст
Бацька загiнулага скутарыста Пётр Міхайлавіч Язерскі кажа, што ў справе сына будзе ісці да перамогі.
«У чэрвені будзе год як сына няма, а мы ўсё ніяк не можам дамагчыся праўды. Нам важна даведацца, як усё адбывалася насамрэч, а не так, як нам малююць, — распавядае бацька загінулага скутарыста Пётр Язерскі. — Паказанні сведак, якія ў нас ёсць на дадзены момант, змяняюцца і машыны на эксперыментах не так ставяць. Зараз маем у сведках двух кіроўцаў і двух пешаходаў, але ва ўсіх розныя паказанні. Нешта не тое адбываецца. I менавіта таму мы працягваем пошукі сведак. Гэту справу мы так не пакінем, будзем ісці да канца».

Вядома, што ў момант ДТЗ на скрыжаванні спыніўся нейкі мужчына ў пінжаку. Ён казаў, што мае запіс аварыі, але спяшаўся і пакінуў камусьці свой нумар. Каму — невядома.

Дзяўчына з Mercedes-Benz, якая збіла скутарыста, таксама была на следчым эксперыменце i гатовая ўжо была пагутарыць з журналістамі, але ў апошні момант рабіць ёй гэта забараніў муж.

Вядома, што ў загінулага скутарыста Пятра засталася маладая жонка і чатырохгадовы сын.