У Гродне, традыцыйна перад асноўнымі святкаваннямі Дня перамогі, у парку Жылібера прайшоў мітынг, дзе кіраўніцтва горада, вобласці і сілавых структур усклалі кветкі ля помніка загінулым падчас Вялікай Айчыннай вайны.

Асноўныя ж мерапрыемствы на 9 мая ў горадзе разгарнуліся ля Кургана Славы, там прайшоў урачысты мітынг, акцыя «І ў памяці навекі імёны», а таксама парад пешых войскаў, у складзе якіх былі ветэраны і прадстаўнікі частак гродзенскага гарнізона.

У гэтым годзе, як і ў мінулым, арганізатары парада вырашылі абысціся без ваеннай тэхнікі. Іх замяніў «бессмертный полк», у якім ішло каля 1,5 тыс. чалавек. Удзельнікі гэтага «палка» неслі фатаграфіі людзей, якія прымалі ўдзел у Другой Сусветнай вайне, але не дажылі да сёння. Ужо традыцыйна да акцыі, арганізаванай грамадскімі арганізацыямі, падключыліся гродзенцы розных узростаў.

На мітынгу перад некалькімі тысячамі гродзенцаў урачыста выступіла ветаран вайны, вызваліцель Гродна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Судакова Зінаіда.

«Паважаныя гродзенцы, ад імя ўсіх ветэранаў Гродна віншую вас з Днём Перамогі. Падчас вайны мы крок за крокам вызвалялі нашу зраненую родную зямлю, губляючы пры гэтым сваіх аднапалчан. Я ўдзельнічала ў вызваленні Беларусi і нашага любімага горада Гродна. Я бачыла шмат маладых людзей, якія здзяйснялі самы галоўны подзвіг — аддалі свае жыццё дзеля вызвалення беларускага народа ад фашызму.

Паслявайны мы ўздымалі Гродна і зрабілі яго ў будучыні адным з прамысловых цэнтраў Беларусі. I сёння я хачу ў чарговы раз даць наказ маладому пакаленню — любіце свой Гродна, годна працуйце для яго росквіту. Захоўвайце мір і ўтульнасць у вашых сем’ях".

Пасля парада і ўрачыстага мітынгу ветараны з кіраўніцтвам горада і вобласці, а таксама з прадстаўнікамі розных структур Гродна, усклалі кветкі і вянкі да вечнага агню ля Кургана Славы.

Таксама гродзенцаў і гасцей горада чакалі паказальныя выступленні войскаў Заходняга аператыўнага камандавання на тэрыторыі комплексу абарончых збудаванняў «Рубеж Карбышава».

Ужо ўвечары ля Кургана Славы зноў разгорнецца святочная праграма, якая завершыцца масавым выкананнем «Кацюшы» і салютам.