Пасля паразы ў Гродне ад “Віцебска”, “Нёман” рэабілітаваўся ў Магілёве ў нядзелю 7 мая, дзе забіў мясцоваму “Дняпру” тры безадказныя мячы. Пераканаўчая гульня ў шостым туры чэмпіянату краіны дазволіла камандзе Ігара Кавалевіча падняцца на шосты радок у турнірнай табліцы.
У Магілёве гродзенская каманда прадэманстравала баявы футбол з момантамі і добрай рэалізацыяй. Урок ад “Віцебска” пайшоў на карысць жоўта-зялёным.
Першы свой мяч гродзенцы забілі на 23-й хвіліне. Пасля добрага пасу Жукоўскага ў штрафную, мяч адскочыў да Лакціёнава, які і вывеў “Нёман” наперад.
Два іншыя мячы жоўта-зялёныя забілі ўжо ў самым канцы матчу. Спачатку Савіцкі на 90-й хвіліне парашутам закінуў мяч у вароты Даўгялы. А праз хвіліну Яроцкі скарыстаўся сваім шанцам у штрафной гасцей і давёў лiк да разгрому.
“Днепр” – “Неман” – 0:3
Пасля пераканаўчай перамогі ў Магілёве галоўны трэнер “Немна” Ігар Кавалевіч падзякаваў сваім гульцям за самааддачу.
“Я задаволены гульнёй, асабліва пасля матчу з “Віцебскам”. Трэба было паглядзець, як будзе выглядаць каманда пасля паразы. Абгулялі моцны арганізаваны “Днепр”. Усё, што я папрасіў гульцоў зрабіць – яны зрабілі. Асабліва ўлічваючы тое, што з-за траўмаў у цэнтры абароны гулялі два 19-гадовыя хлопцы. Удзячны ўсім тым, хто выйшаў на поле”.
Пасля шасці тураў гродзенская каманда размясцілася на шостым месцы ў турнірнай табліцы і зараз мае ў сваім актыве 10 ачкоў. На першым жа месцы ідзе БАТЭ з 14 ачкамі.
Наступны матч “Нёман” правядзе ў Гродне 11 траўня і будзе прымаць аўтсайдара чэмпіянату наваполацкі “Нафтан”.


