У нядзелю 7 мая на вуліцах Гродна сотні аматараў ровара адкрылі новы сезон. Традыцыйна ў гэты дзень акрамя заезду прайшлі і розныя конкурсы на Савецкай плошчы.
Не напалохаў аматараў двухколавага транспарту і дождж, які ішоў перад самым стартам мерапрыемства. Не паспелі веласіпедысты стартануць, як ён скончыўся. Гэта многім падняло настрой.
Стартавалі ўдзельнікі прабегу ад Савецкай плошчы. Далей маршрут праходзіў па вуліцы Маркса і праспекце Касманаўтаў у бок Румлёўскага мосту, далей па праспекце Купалы, вуліцы Савецкіх памежнікаў, Новым мосце, вуліцы Фестывальнай, БЛК, Горкага і Савецкай.
Пасля велапрабегу на Савецкай плошчы прайшлі конкурсы. Выбіралі самых яркіх веласіпедыстаў: у лепшым шлеме і на лепшым ровары. Таксама ўпершыню на адкрыцці сезону прайшоў велабол і быў арганізаваны лабірынт для веласіпедыстаў.
Колькі чалавек прыняло ўдзел у велапрабегу, пакуль арганізатары сказаць не могуць — яшчэ будуць лічыць. Але, мяркуючы па здымках, менш чым у мінулым годзе.