«Кірмаш даўніны», які ўпершыню праходзіў у апошнія выходныя красавіка ў цэнтры Гродна, спадабаўся гараджанам і гасцям горада. Цяпер такая выстава старых прадметаў будзе праходзіць у Гродне ў канцы кожнага месяца.
За два дні на кірмашы пабывала каля 200 калекцыянераў з розных месцаў Беларусi. Многія з іх удзельнічалі ў падобным мерапрыемстве ўпершыню і ім няма з чым параўноўваць, таму большасць засталася задаволеная і жадае, каб кірмаш у Гродне праходзіў часцей.
Праз выставу даўніны за два дні прайшло шмат людзей, адбываўся гандаль і абмен. Сярод наведвальнікаў шмат мясцовых жыхароў, былі і замежныя турысты з Польшчы, Прыбалтыкі, Германіі, Кітая і другiх краiн.
«Мы прасілі дазволіць правядзенне нашага кірмашу адзін раз у квартал, а ў вынiку нам дазволілі кожны месяц. Мы з задавальненнем прынялі гэтую прапанову. І зараз у апошнюю суботу і нядзелю месяца будзем праводзіць кірмаш, якому нам прапанавалі прыдумаць брэндавую назву», — сказаў арганізатар кірмаша, кіраўнік клуба калекцыянераў «Скарабей» Віктар Какарэка.