Гродзенскі гарвыканкам плануе прадаць акцыі ААТ “Гасцінічная гаспадарка”, на балансе якога знаходзіцца гасцініца “Беларусь”, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА старшыня Гродзенскага гарвыканкама Мечыслаў Гой.

“Завершана прыватызацыя прадпрыемства, яго акцыі – ва ўласнасці горада. Мы шукаем новага гаспадара гасцініцы, таму зараз прапрацоўваецца пытанне аб продажы акцый – цалкам або часткова. Праведзена ацэнка, падрыхтаваны пакет дакументаў. Выставіць гасцініцу на продаж плануецца ў бліжэйшы час”, – растлумачыў мэр.

Абмяркоўваюцца ўмовы продажу. Папярэдне, інвестар павінен будзе на працягу трох гадоў з даты заключэння дамовы куплі-
продажу ўнесці інвестыцыі ў суме да $ 1 млн на рэканструкцыю будынка і добраўпарадкаванне тэрыторыі. Умовамі для інвестара пры гэтым будзе захаванне профілю дзейнасці на працягу пяці гадоў з даты заключэння дагавора куплі-продажу з магчымасцю перапрафілявацца толькі са згоды гарвыканкама.

Таксама новы ўласнік павінен будзе захаваць працоўныя месцы ААТ (на дадзены момант іх 48) на працягу двух гадоў з даты заключэння дагавора. Прадугледжваецца адказнасць пакупніка за невыкананне ўмоў продажу згодна з заканадаўствам.

Раней была прададзеная кітайскаму інвестару другая гасцініца, якая належала “Гасцінічнай гаспадарцы” – “Гродна”. 16-павярховая гасцініца прадавалася як капітальная пабудова, яе ўласнікам стала ТАА “Гандлёва-прамысловая карпарацыя Цюань Шэн”. Гатовы архітэктурны праект, ён прайшоў будаўнічую экспертызу. У будынку з’явіцца трохзоркавы гатэль Echeng на 110 нумароў (з сёмага па 15-ы паверх). З трэцяга па шосты паверх размесцяцца офісы, канферэнц-залы. На першым-другім будуць холы, рэцэпцыя, лобі-бар і два рэстараны, на верхнім паверсе размесціцца трэнажорная зала.

Чытайце яшчэ:  Былая гасцініца "Гродна" стане трохзоркавай у кітайскай сетцы гатэляў Echeng