Гродзенская школьніца Марыя Малка Шапялевіч увайшла ў тройку лепшых у сусветным фінале конкурса па веданні Святога Пісання, які праходзіў 2 мая ў Ерусаліме. Адметна тое, што гродзенка не наведвае яўрэйскую школу і сама рыхтавалася да міжнароднага конкурсу.
За тытул лепшага знаўцы Танаха (Старога Запавету) штогод спаборнічаюць тысячы маладых людзей з усяго свету. Фінал конкурсу па традыцыі праходзіць у Дзень незалежнасці Ізраіля, які сёлета святкуюць 2 мая. Штогод дата свята іншая, бо яна вызначаецца згодна з яўрэйскім календаром. Тэма конкурсу гэтага года — «50 гадоў аб’яднанага Іерусаліма».
Каб перамагчы, удзельнікам трэба было адказаць на пытанні рознай складанасці па змесце Танаха. Напрыклад, што было прададзена за сачавічную поліўку, падчас якой падзеі народ Ізраіля сказаў «зробім і пачуем», якi быў лёс Садома і Гаморы і г. д.
Марыя стала пятай удзельніцай гэтых спаборніцтваў з гродзенскай сям'і Шапялевіч. Штогод удзельнікам дасылаюць спіс кніг, па якіх трэба рыхтавацца, і змест якіх будзе прадметам конкурсу. Марыя дасканала разбірала і вывучала патрэбны ёй матэрыял.
«Маша — пяты ўдзельнік конкурса з нашай сям'і. Першым у 2013 годзе быў Павел Ісраэль. Дзеці кожны раз падымаліся ўверх па прыступках конкурсу, Міхаіл летась стаў другім у дыяспары. На Машу ўжо глядзелі з надзеяй у Ізраілі. Нам хацелася, каб яна апраўдала чаканні, і яна нас не падвяла, — распавядае мама Марыі Марына Шапялевіч. — Маша апярэдзіла традыцыйна добра падрыхтаваных канкурсантаў з ЗША, Канады, Лацінскай Амерыкі, Еўропы і Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, якія рыхтуюцца па некалькі гадоў пад кантролем педагогаў і рабінаў. Гэта першы такі выпадак. Для Гродна гэта значыць, што ў свеце даведаліся, што на карце існуе такі горад. Мы атрымліваем віншаванні з розных краін».
Пераможцаў штогадовага конкурсу павіншавалі кіраўнік урада Ізраіля Біньямін Нетаньяху, міністр асветы Нафталі Беннет, дырэктар Яўрэйскага агенцтва Натан Шчаранскі і іншыя афіцыйныя асобы.Гродзенка ў сусветным фінале прапусціла наперад толькі двух ізраільцян. Марыя рыхтавалася да конкурсу на рускай мове і паралельна карысталася тэкстам на іўрыце, каб спраўджваць імёны і геаграфічныя назвы, якія моцна адрозніваюцца ад тых, што ў рускім Сінадальным перакладзе. Маша чытае і добра гаворыць на іўрыце.
Дзяўчына мае поспех не толькі ў веданні Святога Пісання. У 2016 годзе Марыя заваявала дыплом 1 ступені на Рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове. Таксама стала лаўрэатам прэміі Дубко.