Старадаўні механізм вежавага гадзінніка на Фарным касцёле спыніўся пасля смерці адзінага наглядчыка Юзафа Ясюкевіча. Пробашч касцёла Ян Кучынскі кажа, што турбавацца не трэба: ёсць чалавек, які будзе надалей даглядаць гадзіннік.
«Хвалявацца гараджанам не трэба. Усё нармальна — гадзіннік ідзе, проста зараз няправільна паказвае час. Падчас пахавання наглядчыка пра гадзіннік забыліся, але я іх асабіста ўжо сам заводзіў. У нас ёсць чалавек, які зоймецца гэтай справай і ўсё будзе функцыянаваць як раней. Хто гэты чалавек — распавядзем пазней, калі гадзіннік будзе нармальна паказваць час», — расказаў Hrodna.life настаяцель Фарнага касцёла Ян Кучынскі.
Наглядчык Юзаф Ясюкевіч памёр увечары 30 красавіка, яму стала кепска на працоўным месцы, ля гадзінніка. Апошнім часам ён меў праблемы з сэрцам і неўзабаве павінен быў перажыць аперацыю, але на дачакаўся яе. Яму было 67 гадоў. Гадзіннікам на вежы касцёла ён займаўся апошнія 32 гады.
Аналага гродзенскаму гадзінніку, які датуецца пачаткам 16 ст., у Еўропе няма. Нават у Празе, у знакамітых курантах з рухомымі фігуркамі, не захаваўся арыгінальны механізм, яго цалкам замянілі сучасным. У Гродне механізм цудам ацалеў.
Занядбаны вежавы гадзіннік аднавілі ў канцы 1980-х па ініцыятыве тагачаснага дацэнта фізічнага факультэта ГрДУ Аляксандра Мілінкевіча. З таго часу, з 1989 года, калі гадзіннік наноў усталявалі ў вежы, Юзаф Ясюкевіч, які прымаў удзел у рэстаўрацыі, штодня ўздымаўся на вежу каб уручную заводзіць механізм. Яго паслугі аплачваў бюджэт горада. Ён быў адзінім у Беларусі наглядчыкам вежавага гадзінніка.
