У аўторак 2 траўня супрацоўнікі дэпартамента аховы затрымалі Анатоля Мышкевіча, які ля будынку Гродзенскага аблвыканкама правёў адзіночны пікет. У гэты ж дзень Суд Ленінскага раёна Гродна вынес прысуд Анатолю — 30 базавых велічынь за несанкцыянаваную акцыю пратэсту.
Нагодай выйсці на вуліцу стала тое, што яго дзядулю не прынялі належным чынам у мясцовых бальніцах, вынiкi пераездаў паўплывалі на здароўе пенсіянера, у выніку ён памёр.
«Пасля акцыі мяне даставілі ў Ленінскі РАУС, а пасля ў суд Ленінскага раёна, дзе ўсё вырашылі ў паскораным рэжыме, літаральна за 10 хвілін. Вынеслі мне прысуд — 30 базавых (690 рублёў). Я віну сваю прызнаю, але ў мяне не было іншага выхаду. Хоць такім спосабам можна будзе дагрукацца да вярхоў і падняць сур’ёзную праблему. Калі мае патрабаванні не будуць выкананыя, я прыйду назад з пратэстам і стану каля будынка аблвыканкама», — сказаў Анатоль.
Анатоль Мышкевiч падаў зварот у аблвыканкам: ён патрабуе, каб знялі з пасады начальніка ўпраўлення аховы здароўя па Гродзенскай вобласці і каб далі распараджэнне ўсім бальніцам горада прымаць любога чалавека, нягледзячы на яго прапіску i хваробу. Гродзенец лiчыць, што галоўнае — каб у бальнiцы аказвалi своечасова медыцынскую дапамогу, а не так як зрабілі ў выпадку яго дзядулі.