Гродзенскі аўтарэтраклуб «Вінтаж» упершыню паказаў гродзенцам створаную яго чальцамі мота- і веларыкшу 30 красавіка на базе адпачынку «Прывал». У клубе будавалі новы транспарт на працягу года.
Спачатку ў «Вінтажы» рыхтавалі толькі мотарыкшу і планавалі яе паказаць гродзенцам на шэсці Дзядоў Марозаў у снежні 2016 года, але зрабіць гэтага не атрымалася. Затое праз пяць месяцаў акрамя мотарыкшы клуб нечакана прадставіў і веларыкшу.
Свае рыкшы клуб прэзентаваў на базе адпачынку «Прывал». У будучыні тэхніку, магчыма, прывязуць у цэнтр горада і на Аўгустоўскі канал.
Варта адзначыць, што яшчэ 40 гадоў таму матаролеры падобныя да рыкшы развозілі па горадзе хлеб ды марозіва па крамах. Пазней такі транспарт сталі выкарыстоўваць для патрэб ЖКГ. Але з часам «Мураўі» сышлі ў гісторыю. Сёння такіх матаролераў у горадзе не знайсці.