Лісу, якая бегае ля шматпавярховікаў у Румлёва, і якая ўсхвалявала жыхароў раёна, заўважылі ў дзіцячым садку па праспекце Купалы. Дзікая жывёлiна прыйшла ў сад, калі там нікога не было, але яна вярнуцца і тады, калі там будуць дзеці.

Лісу ў дзіцячым садку № 98 выявіла гродзенка Ірына, якая выгульвала свайго сабаку. Момант, калі жывёла бегала па тэрыторыі сада, жанчына зафіксавала на тэлефон.

«Я была шакаваная. Мы з сабакам гулялі і ўбачылі, як ліса бегала па тэрыторыі дзіцячага садка. На шчасце, у той момант там нікога не было, бо ліса магла б падысці і да дзяцей. Гэту жывёлiну бачым часта ў Румлёўскім парку і людзей яна не баіцца».

Эпідэміёлагі і ветэрынарныя лекары сыходзяцца ў тым, што галоўная рэкамендацыя для людзей, якiя апынуліся побач з падазроным зверам, — адназначна выключыць кантакт з дзікай жывёлай.

«Ні ў якім разе нельга дапускаць кантакту з жывёлай — ні свайго, ні хатніх гадаванцаў, — папярэджвае намеснік галоўнага ўрача па эпідэміялогіі Гродзенскага занальнага ЦГЭ Ірына Тупік. — Аб падобных сітуацыях трэба паведаміць у ветэрынарную службу. У выпадку экстрэмальнай сітуацыі жывёла падлягае знішчэнню і лабараторнаму даследаванню».

У гэтым годзе ў Гродне выпадкаў шаленства зафіксавана не было. Але ў бягучы перыяд лісы выходзяць з лесу бліжэй да людзей у пошуках ежы і могуць часам з’яўляцца ў межах горада.