Дзякуючы добраму вясноваму надвор’ю парк атракцыёнаў у Гродне пачаў працу з сярэдзіны красавіка. Але афіцыйнае адкрыццё новага сезону пройдзе 6 мая. Якія будуць навінкі і чым парадуе парк у гэтым годзе, даведваўся Hrodna.life.

У новым сезоне працу парку разнастаяць рознымі мерапрыемствамі, квэстамі, флэшмобамi. Таксама там з’явіцца свая міні-сцэна, дзе будзе выступаць анімацыйная каманда. З новых атракцыёнаў з’явіцца «ланцужок» і «будоўля», дзе кожны зможа папрацаваць на міні-экскаватары.

Парк з 14 красавіка атрымаў тэхнічны агляд, дыягнаставанне і допуск да эксплуатацыі ўсіх атракцыёнаў.

«1 мая, у Дзень працы, у святочнай атмасферы мы будзем сустракаць усіх наведвальнікаў. А 6 мая пройдзе першае вялікае свята ў парку з аніматарамі, хадулістамi і іншымі. У гэты дзень мы плануем зрабіць урачыстае адкрыццё новага сезона — запалім ілюмінацыю», — распавёў адміністратар парку атракцыёнаў Павел Кавалевіч.

Цэны ў параўнанні з мінулым годам не змяніліся: атракцыёны будуць каштаваць ад 2 да 4 рублёў.

Як і летась, па горадзе будзе ездзіць электрычная рэпліка Rolls Royce. Практыка паказала, што ў мінулым годзе ён быў запатрабаваны сярод турыстаў. Цана не зменіцца і складзе 1 рубль. Маршрут будзе такі ж: ад плошчы Леніна да Савецкай. Магчыма, ён будзе падоўжаны да набярэжнай Нёмана.