У горадзе Насаў на Багамскіх астравах у нядзелю 23 красавіка зборная Беларусі, у складзе якой была і бягунка з Гродна Вікторыя Кушнір, фінішавала другой у эстафетным забегу 4×800 метраў на чэмпіянаце свету па эстафетах. Перамогу ж атрымалі спартсменкі з ЗША, бронза дасталася Аўстраліі.
Дар’я Барысевіч, Ілона Усовіч, Марына Арзамасава і гродзенка Вікторыя Кушнір, прынеслі Беларусі нечаканую перамогу. У гэтым сезоне беларускія дзяўчаты ўпершыню патрапілі ў такую сур’ёзную кампанію, прайшоўшы адбор на дыстанцыі 4×800 метраў. Змагацца на топ-узроўні, ды яшчэ ў такой тэхнічна складанай дысцыпліне, атрымліваецца далёка не ў кожнай нават з ліку вядучых лёгкаатлетычных дзяржаў. Але беларускі паказалі сваю сілу і апярэдзілі амаль усіх суперніц, прапусціўшы наперад толькі каманду ЗША.
«Упершыню нашу зборную павезлі на гэтыя спаборніцтвы. У нас склалася добрая каманда, таму разлічвалі змагацца за самыя высокія месцы. У вынiку ўдалося трапіць у прызёры і гэтаму вельмі рады. Уражанні самыя лепшыя, бег быў тактычны, было вельмі няпроста змагацца з кліматычнай і часовай розніцай, асабліва бегчы, а пятай раніцы. Але мы зрабілі ўсё магчымае i вельмі рады былі заваяваць медаль для нашай краіны», — распавяла Hrodna.life Вікторыя Кушнір.
Беларуская чацвёрка, якая заваявала срэбра на Багамскiх астравах, атрымала на каманду 30 тысяч долараў прызавых. Пераможцы — амерыканкі - падзялілі 50 тысяч, аўстралійкам дасталася 20 тысяч.
Чэмпіянат свету па лёгкаатлетычных эстафетах 2017 прайшоў 22−23 красавіка на стадыёне імя Томаса Робінсана ў Насаў. Сталіца Багамскіх Астравоў прымала гэтыя спаборніцтвы ў трэці раз запар. Былі разыграны 9 камплектаў медалёў. Па суме ачкоў ва ўсіх дысцыплінах быў уручаны камандны прыз «Залатая эстафетная палачка». У трэці раз яго выйграла зборная ЗША.
У спаборніцтвах прынялі ўдзел 546 спартсменаў з 35 краін свету, з іх — 307 мужчын і 239 жанчын. Самая вялікая колькасць каманд заявіліся ў эстафеце 4×100 метраў у мужчын, найменшая — у жанчын у эстафеце 4×800 метраў.