Напярэдадні Дня памяці ахвяр Халакоста і герояў яўрэйскага супраціву ў Гродне 23 красавіка прайшоў “Марш Жыцця”. Удзел у ім прыняло каля 70 чалавек.

Штогод 27-га чысла месяца нісан па іўдзейскім календары (у гэтым годзе ён выпадае на 23-24 красавіка) у Ізраілі і дыяспарах па ўсім свеце адзначаецца Дзень Катастрофы і гераізму еўрапейскага яўрэйства. У 2017 годзе цырымоніі памяці ахвяр Катастрофы праходзяць пад дэвізам “Аднавіць рысы іх твараў”.

У Гродне мясцовая яўрэйская абшчына правяла “Марш Жыцця”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі каталіцкай і пратэстанцкай цэркваў, а таксама генеральны консул Польшчы ў Гродне Яраслаў Ксёнжэк.

Марш прайшоў з трыма прыпынкамі (уваход у гета, музей гісторыі рэлігіі і сінагога), дзе ўдзельнікі чыталі і казалі пра Халакост і супраціў яўрэяў падчас Другой сусветнай вайны. А таксама пра тое, каб у будучыні чалавецтва не дапусціла нiякага генацыду.

“Такі марш памяці мы праводзім ужо трэці раз. “Марш Жыцця” гэта не проста назва. Мы ідзем па вуліцах, дзе жылі і працягваюць жыць яўрэі, дзе працягваецца развіццё яўрэйскай абшчыны Гродна. У апошнюю вайну вялікую мясцовую абшчыну амаль цалкам знішчылі. I сёння падчас маршу мы спыняемся і ўспамінаем тых ні ў чым не вінаватых гараджан, якіх спасцігла злая доля”, – сказаў на мерапрыемстве мінскі рабін Рыгор Абрамовіч.

Чытайце яшчэ:  Выжыў толькі адзін працэнт. 75 гадоў таму гродзенскiх яўрэяў сагналі ў гета каб знішчыць