У суботу 22 красавіка ў самым цэнтры Гродна, на Савецкай 25, пачаў працу першы рэстаран папулярнага амерыканскага фастфуду Burger King. Установа пачала працу ў тэставым рэжыме і на адкрыцці не было ажыятажу. Афіцыйна рэстаран запрацуе ў чацвер, 27 красавіка, калi на адкрыццё прыедзе кіраўніцтва горада і дырэктары сеткі ў Беларусі.

Першымі наведвальнікамі рэстарана Burger King у Гродне стала маладая пара з Мінска Андрэй і Ганна, якая прыехала на хакей з удзелам нацыянальных зборных Беларусі і Швецыі.

«Мы не былі на ажыятажы ў Мінску, калі ўлетку 2015 года адкрыўся першы рэстаран Burger King у Беларусі. Ведаем, што там быў сапраўдны хаос і былі чэргі 50−100 метраў, — кажа Андрэй. — У Гродне адкрыццё першага рэстарана прайшло цывільна, магчыма гэта звязана з адсутнасцю аўтамата з бясплатнымі напоямі. Можа, кіраўніцтва ўлічыла памылку, якую здзейснілі ў Мінску, калі натоўпы людзей прыходзілі ў рэстаран з пяцілітровымi бутэлькамi.

У Гродне адкрылі Burger King без натоўпаў і пяцілітровікаў
Мінскія студэнты Андрэй і Ганна — першыя наведвальнікі рэстарана Burger King у Гродне
Дзверы ўстановы адкрыліся ў 10:00, і людзей першапачаткова было мала, але ўжо бліжэй да поўдня гродзенцы сталі падцягвацца і знаёміцца з новым фастфудам.

Дырэктар па аперацыйнай дзейнасці Burger King у Беларусі Наталля Каніна распавяла Hrodna.life, чаму фастфуд вырашыў адкрыцца за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця.

«Мы вырашылі зрабіць гораду падарунак на выходныя і адчыніліся загадзя. Бясплатнага разліву напояў у Гродне не будзе, бо тут іншы фармат — тут будуць лімітаваныя напоі. Усе нашы стандараты і меню, якое мы прапануем нашым наведвальнікам у Гродне, яны абсалютна такія ж як у Мінску, і такія ж як ва ўсім свеце, дзе ёсць Burger King».

У Гродне адкрылі Burger King без натоўпаў і пяцілітровікаў
Адны з першых заказаў - бургеры, пэпсі і бульба фры
Варта адзначыць, што ў рестаране выкананы ўсе планы па наборы персаналу. Зараз там працуе каля 30 чалавек з Гродна.

Рэстаран будзе працаваць штодня з 8:00 да 23:00. Магчыма ў будучыні будзе разглядацца пытанне аб павелічэнні працоўнага часу ўстановы. У хуткім часе таксама з’явіцца і дастаўка.

Даведка

У ліпені 2015 года кампанія Burger King паспяхова адкрыла свой першы рэстаран у Мінску, зараз у сталіцы іх усяго 7. Сетка рэстаранаў Burger King заснавана ў 1954 годзе, штодня ўстановы наведваюць больш адзінаццаці мільёнаў людзей па ўсім свеце. Сетка займае другое па велічыні месца сярод рэстаранаў хуткага харчавання, якія спецыялізуюцца на гамбургерах.