Сотні матацыклістаў – удзельнікаў XIII Міжнароднага мотафестывалю «Хавайся ў бульбу” – у суботу, 22 красавіка, праехаліся калонай па Гродне і паказалі на плошчы Леніна сваю тэхніку.
Арганізаванай калонай у суправаджэнні ДАІ байкеры праехаліся па маршруце ад базы адпачынку “Купалінка” да плошчы Леніна. На плошчы, акрамя традыцыйнай прэзентацыі матацыклаў, арганізатары зладзілі і невялікі канцэрт з мясцовымі музыкамі.
Падчас выставы тэхнiкi на плошчы былі расстаўлены спецыяльныя скрынкі, каб кожны глядач або ўдзельнiк фестывалю змог дапамагчы жывёлам з арганiзацыi “Адданае сэрца”.
Пасля гадзіны знаходжання на плошчы калона байкераў накіравалася назад на базу адпачынку “Купалінка”, там удзельнiкаў чакаў другі дзень канцэртнай праграмы з хэдлайнерам – расійскім рок-гуртом “7Б”.














