Закрытае мерапрыемства пройдзе ў сенатарскай зале Новага замка ў суботу 22 красавіка. На касцюміраваны баль сярэдзіны XIX стагоддзя збяруцца дамы і кавалеры з усёй Беларусі. Выпадковых людзей у бальную залу пускаць не будуць, 17 красавіка — апошні дзень каб запісацца.

Напярэдадні балю гасцей інтрыгуе цікавая танцавальная праграма, а таксама незвычайнае месца правядзення.

«Гродна натхняе сваёй гісторыяй і культурай. Мы спецыяльна выбралі Новы замак, таму што ён падыходзіць па памеры бальнай залы, па сваёй гісторыі і духу, — распавядае арганізатар мерапрыемства Мікіта Іваноўскі. — На баль змогуць трапіць тыя, хто падаваў заяўкі. Гэта ўдзельнікі, не гледачы. Знешні выгляд дам і кавалераў будзе адпавядаць балям 1840−1860-х гадоў. Дамы апранутыя ў сукенкі з крыналінамі, кавалеры ў фрачны касцюмах, звычайны касцюм-тройка, магчымы ампірны касцюм з кюлотамi».

Арганізатары планавалі ўбачыць на сваім мерапрыемстве каля 50 чалавек, але на 15 красавіка заявіліся толькі 32 чалавекі.

Расклад балю

12:30—14:00 — з’езд гасцей
14:00—14:30 — прадстаўленне гасцей
14:30—17:00 — 1-е аддзяленне
17:00—18:00 — перапынак (фуршэт, фотакуток, нетанцавальныя забавы)
18:00—20:00 — 2-е аддзяленне
20:00—21:00 — ад’езд гасцей