Гродзенскі фатограф запрашае 15 красавіка панастальгіраваць па днях, “праведзеных у чорных сценах ДК імя Грэка”. Выстава пад назвай “ДК імя Грэка: памятныя фота на памяць” змяшчае фота, зробленыя на працягу чатырох гадоў існавання андэграўнднай пляцоўкі. На адкрыцці экспазіцыі выступіць гурт “Прощай Привычка”.

– Я з моманту самых апошніх канцэртаў у ДК Грэка хацеў зрабіць гэтую выставу. Потым падумаў, што трэба трохі вычакаць: фатаграфіі як каньяк або віно – з гадамі толькі каштоўней становяцца, – усміхаецца Яўген Кандратовіч. – Мэта – каб сустрэліся людзі, якія наведвалі канцэрты і проста тусілі ў ДК Грэка, каб яны прыйшлі і ўспомнілі ўсё добрыя моманты. Хоць я ўпэўнены, яны і так усё памятаюць. Бар “Карыца” зараз лепш за ўсё падыходзіць для гэтай выставы – ён прасякнуты духам андэграўнду.

Яўген лічыць, што падобнае да ДК Грэка месца з’явіцца зноў – гэта толькі пытанне часу.

– Раней была “Клетка”, потым шмат гадоў нічога не было, затым з’явіўся ДК Грэка. Гэта неяк само выйшла – стыхійна. ДК Грэка была рэпетыцыйнай кропкай у старым будынку, што рыхтуецца пад знос. Нават падчас рэпетыцый збіраліся сябры гурта ў дворыку і штосці абмяркоўвалі, камунікавалі. Пасля нейкія канцэрты пачалі рабіць – проста для сябе, для сяброў і ніхто не думаў, што так народ пойдзе і палюбіць гэтае месца. Думаю, нешта будзе па-любому. Нехта проста павінен купіць гараж або ангар наводшыбе і там рабіць новую старонку ў гісторыі гродзенскага андэграўнду. Усяму свой час.

Калі: 15 красавіка, 20.00

Дзе: бар “Карыца”, вул. Віленская, 6

За колькі: бясплатна

“ДК імя Грэка: фота на памяць”. У бары “Карыца” адкрыецца выстава Яўгена Кандратовіча

ДК ім. Грэка – культавае для Гродна месца, дзе на энтузіазме музыкаў праводзіліся андэграўндныя канцэрты. Яго стварыў у 2008 годзе гурт “Твой Город”. Месца перастала існаваць у 2012 годзе, калі будынак, дзе знаходзілася рэпетыцыйныя кропка, знеслі для будаўніцтва дарожнай развязкі.

Чытайце яшчэ:  В Гродно вернулись столетние башенные часы из кирхи